Афіцыйны сайт
28 чэрвеня 2019

Выстава "Радкі, апаленыя вайной"

    75 гадоў таму адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны ў нашай Беларусі, але водгукі той вайны да гэтага часу жывуць у кожным сэрцы. Няма такой сям'і, якую б не закранула б вайна. Усё менш застаецца ветэранаў, якія могуць распавесці аб пройдзеных франтавых дарогах, і тым даражэй для нас становяцца тыя рэліквіі, што захоўваюцца ў сем'ях былых салдат Вялікай Айчыннай вайны, архівах і музеях: дакументы, фотаздымки, лісты, нататкі.
   «Радкі, апаленыя вайной» - такую назву мае выстава, арганізаваная супрацоўнікамі Ашмянскага краязнаўчага музея да 75-годдзя вызвалення Беларусі і Ашмянскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На выставе прадстаўлены матэрыялы, якія рэдка выносяцца на агляд шырокаму колу наведвальнікаў: перапіска з архівамі, успаміны, данясенні і рапарты партызан, даведкі, запісныя кніжкі, лістоўкі, падпольныя выпускі газеты «Знамя свободы» і многае іншае.
   25 чэрвеня ў Ашмянскім краязнаўчым музеі адбылося мерапрыемства "Аўтографы ваенных часоў», якое стала адкрыццём дадзенай выставы. Вядучыя Алена Галамбоўская і Настасся Навіцкая пазнаёмілі выхаванцаў летняга лагера «ПАТРИОТ.BY» гімназіі № 1 горада Ашмяны з дакументамі, прадстаўленымі на выставе, распавялі пра гісторыю подзвігу лётчыкаў А.М. Аўдзеева і П.П. Страленкі, пазнаёмілі з дзейнасцю партызанскіх брыгад на тэрыторыі Ашмянскага раёна і біяграфіямі іх камандзіраў.
   Асаблівую цікавасць у хлопцаў выклікала гісторыя аб друку падпольнай газеты «Знамя свабоды» і лістовак у партызанскай брыгадзе імя Н.Ф. Гастэлы. Удзельнікам мерапрыемства былі зачытаныя радкі з ваенных дакументаў: загад камандзіра партызанскай брыгады імя Гастэлы А.В. Манохіна, вытрымку з савецкай агітацыйнай лістоўкі, даклад аб баявых дзеяннях 5-й танкавай арміі ў Ашмянскім раёне і інш.
   Музычным дадаткам да мерапрыемства сталі песні на ваенную тэму ў выкананні работнікаў Ашмянскага раённага цэнтра культуры Канстанціна Яраша і Таццяны Казак.
   Сёння дакументы часоў вайны - гэта важнейшы пласт гісторыі Ашмяншчыны, няхай, радкі ў гэтых дакументах не заўсёды магчыма расчытаць, а старонкі пажоўклі ад часу, але пакуль яны захоўваюцца, будзе існаваць памяць ...