Афіцыйны сайт

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню будаўніка

   Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя! З гэтымі радкамі з дзіцячага верша, якія ўжо даўно сталі крылатымі, не паспрачаешся. Асабліва. калі гаворка ідзе аб прафесіях, значэнне якіх для жыцця чалавека складана пераацаніць. Прафесія будаўніка прыйшла да нас са старажытных часоў і ў сучасным свеце не страціла сваё значэнне. Як і любому іншаму прафесіяналу, работніку будаўнічай галіны заўсёды прыемна прымаць віншаванні ў свой адрас.
  11 жніўня ў Ашмянскім раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню будаўніка. Павіншаваць прысутных у зале з прафесійным святам і ўручыць узнагароды прыйшлі намеснік старшыні Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта Вадзім Мікалаевіч Пашкоўскі, намеснік старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Збігневіч Свілла, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Мікалаеўна Турлай.
   Не засталіся ў баку і гаспадары свята. Дырэктар ААТ "Будаўнік" таксама ўручыў узнагароды супрацоўнікам. На прадпрыемстве існуе шмат традыцый. Штогод лепшыя работнікі заносяцца на Дошку гонару, гэты год не стаў выключэннем. Творчы падарунак падрыхтавалі ўдзельнікі народнага тэатра танца і песні "Імпульс".