Галоўная / Сацыяльная сфера / Турызм і адпачынак / Геадэзічная "Дуга Струвэ"

Геадэзічная "Дуга Струвэ"

Ашмяншчына - калейдаскоп гістарычных падзей і асоб ад Вялікага княства Літоўскага да сучаснасці. Край багаты культурнымі традыцыямі, значна яго гістарычная спадчына.

Ашмяны знаходзяцца ў выгадным геаграфічным становішчы на скрыжаванні важных аўтамабільных дарог на Вільнюс, Мінск, Гродна, Навагрудак, Віцебск, Полацк, Мядзель. Праз раён праходзіць дзявяты транспартны еўрапейскі калідор, які злучае краіны Заходняй Еўропы і краіны СНД, Усходняй Еўропы і Азіі.

На тэрыторыі раёна знаходзяцца магілы беларускага паэта Ф. Багушэвіча (в. Жупраны), хіміка, лекара, філосафа, асветніка А.Снядэцкага (в. Гароднікі). Помнікі архітэктуры: руіны Гальшанскага замка Сапегаў, францысканскі манастыр і касцёл (ХУІІ ст.); будынак базыльянскага манастыра і Петрапаўлаўскага касцёла (ХУІІ ст.) у в. Баруны; Жупранскага касцёла Св. Пятра і Паўла.

Ашмяншчына - радзіма жывапісца Ю. Карчэўскага; паэта, перакладчыка, мемуарыста і выдаўца А. Адзінца; удзельніка Парыжскай камуны, ганаровага грамадзяніна Грэцыі З. Мінейка; публіцыста і гісторыка Ч.Янковского; савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча К.Стрыеўскага і іншых выдатных асоб.

У верасні 2006 года ў аграгарадку Гальшаны адкрыты памятны знак Соф'і Гальшанскай - заснавальніцы еўрапейскай дынастыі Ягелонаў. У мясцовым храме знаходзіцца часцінка мошчаў Святой Іюліяніі Гальшанскай.

Праз тэрыторыю раёна, паблізу в. Цюпішкі (Тупішкі) праходзіць геадэзічная «Дуга Струвэ», якая ў 2005 годзе ўключана ЮНЕСКА ў спіс сусветнай гісторыка - культурнай спадчыны. У кастрычніку 2007 года пункт Тупішкі пазначаны памятным знакам, адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

З Ашмяншчынай звязаны лёс доктара медыцыны, выдаўца, вучонага -даследчыка маршалка ВКЛ, ганаровага грамадзяніна Венецыі, аўтара знакамітай «Гіпікі, ці кнігі пра коней» Крыштафа Монвіда Дарагастайскага. У 2007 годзе праведзена прэзентацыя гэтай кнігі, а таксама адкрыццё конна-спартыўнага цэнтра "Гіпіка" - першага аб'екта, які прадстаўляе паслугі агра-экатурызму ў раёне.

Наяўнасць славутасцяў, якія спрыяюць развіццю турызму, пацвярджаюць падрыхтаваныя справачна- інфармацыйныя матэрыялы ў выглядзе буклетаў, карт-схем, календароў, біг-бордаў, паказальнікаў, зборнікаў матэрыялаў гісторыка-краязнаўчых канферэнцый.

Пункт Тупішкі Дугі Струвэ - яшчэ адзін турыстычны аб'ект на Ашмяншчыне

У канцы 2007 года адбылася важная падзея ў гісторыі Ашмянскага раёна ў цэлым і ў турыстычнай сферы гэтага краю, у прыватнасці: каля вёскі Цюпішкі, у пяці кіламетрах ад аграгарадка Гальшаны, на ўзвышаным лясістым пагорку, што знаходзіцца на вышыні больш трохсот метраў над узроўнем мора ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыты геадэзічны пункт Тупішкі Дугі Струвэ. Дуга Струве ўяўляе сабой сетку з 265 пунктаў, працягласцю 2820 км і праходзіць па тэрыторыі дзесяці дзяржаў. Дуга стваралася з мэтай вызначэння параметраў Зямлі, яе формы і памеру.

Геадэзічная Дуга Струвэ была вымерана за 40 гадоў, з 1816 да 1855 г., пачынаючы ад населенага пункта Фугленеса недалёка ад мыса Норд-Кап ў Нарвегіі (шырата 70 ° 40'11 з.ш.) да Ізмаіла паблізу Чорнага мора (шырата 45 ° 20'03 з.ш.), што ўтварыла дугу мерыдыяна з амплітудай 25 ° 20'08. Вымярэнні праводзіліся пад кіраўніцтвам вядомага рускага астранома, акадэміка, першага дырэктара Пулкаўскай абсерваторыі Струве Васіля Якаўлевіча (1793-1864). Удзельнічаў у гэтай адказнай навуковай экспедыцыі і наш зямляк, беларускі навуковец Язэп Ходзька, географ і геадэзіст.

У цяперашні час пункты дугі можна знайсці на тэрыторыі Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Малдовы і Украіны. Гэтыя краіны 28 студзеня 2004 года звярнуліся ў Камітэт ЮНЕСКА па Сусветнай спадчыне з прапановай аб зацвярджэнні захаваўшыхся 34 пунктаў Дугі Струве ў якасці Помніка Сусветнай спадчыны. Гэтая прапанова Камітэтам ЮНЕСКА была прынята.

Адзін з гэтых пунктаў Дугі Струве знаходзіцца на тэрыторыі Ашмянскага раёна. У цырымоніі адкрыцця пункта Тупішкі прынялі ўдзел навукоўцы-гісторыкі з Мінска і Гродна, якія сабраліся на другія міжнародныя Гальшанскія чытанні, якія праходзілі ў гэты час, мясцовыя краязнаўцы, педагогі і навучэнцы, работнікі культуры Ашмяншчыны, прадстаўнікі выканаўчай улады раёна і Гальшанскага сельвыканкама, жыхары навакольных вёсак, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

На ўрачыстым адкрыцці пункта выступілі старшыня Ашмянскага райвыканкама Ю. Адамчык, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь В. Шчасны, які ўручыў кіраўніцтву раёна сувенірную копію маркі, выпушчанай для ўшанавання Дугі Струве, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь А. Літрэеў, дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белаэракосмагеадэзія» В. Шаўчэнка, ганаровы грамадзянін г. Ашмяны, былы камандзір атамахода «Пётр Вялікі» ваенна-марскога флоту Расіі Я. Добрышаў, вучаніца Гальшанскай гімназіі Кацярына Рудзік.
Я. Добрышаў прывёз з Санкт-Пецярбурга жменю зямлі з магілы Васіля Струве, шматлікія матэрыялы пра яго для мясцовага музея.

Кіраўніцтву раёна ўручана копія пасведчання аб унясенні Дугі Струве ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і сярэбраныя манеты ў азнаменаванне падзеі.

Такім чынам, на Ашмяншчыне з'явіўся яшчэ адзін унікальны турыстычны аб'ект. Геадэзічны пункт Тупішкі Дугі Струве ўключаны ў адзін з турыстычных маршрутаў рэгіёну.