Канцэрт да Дня Маці

   Спытаеце любога дзіця, хто самы любімы чалавек на свеце і абавязкова пачуеце: «Мая мама!». Гэта, можа быць адзін з самых правільных законаў жыцця: якімі б не былі мы самі, для сваіх дзяцей мама нязменна становіцца ідэалам дабрыні, розуму, прыгажосці. Яна дорыць дзіцяці ўсю сябе: любоў, клопат, цярпенне. Мама – самы галоўны чалавек у жыцці кожнага з нас.
   У Беларусі 14 кастрычніка адзначаюць Дзень маці. У гэты дзень дзеці дораць мамам падарункі: малюнкі, вырабы, паштоўкі. А ў Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў навучэнцы класа скрыпкі разам са сваімі настаўнікамі Чэрскай Таццянай Віктараўнай і Асмольскай Ірынай Вітольдаўнай падрыхтавалі мамам музычнае віншаванне. Увечары 16 кастрычніка зала школы сабраў мам і бабуль на канцэрт, прысвечаны самым дарагім і любімым людзям, нашым мамам.
   Адкрылі музычны вечар самыя маленькія, навучэнцы 1 класа: Бойка Дамініка, Печкур Ліза, Навіцкая Яна. Прыйшоўшы ўсяго месяц назад у школу, яны ўжо падрыхтавалі мамам незвычайныя музычныя падарункі і парадавалі іх сваімі першымі поспехамі. Кожны канцэртны нумар даваўся юным артыстам не лёгка, бо менавіта перад сваімі блізкімі выступаць асабліва хвалююча. Мамы, у сваю чаргу, спрабавалі падтрымаць сваіх дзяцей бурнымі апладысментамі. Яркім было выступленне ансамбля скрыпачоў «Бусінкі», якія выканалі «Прэлюдыю» Д.Шастаковіча. На прыканцы вечара настаўнікі павіншавалі прысутных мам і бабуль са святам, пажадалі ім здароўя, міру і даўгалецця і выканалі ў падарунак музычную кампазіцыю.