Афіцыйны сайт

Летнія канікулы з кнігай


    У сельскай бібліятэцы аграгарадка Кальчуны арганізавана праходзіць летні адпачынак школьнікаў. Бібліятэкар Алена Шкелда падрыхтавала шматлікія мерапрыемствы, якія з ахвотай наведваюць юныя чытачы.  
    Да спадобы прыйшліся маленькім наведвальнікам гучныя чытанні кніг, якія перыядычна ладзіць для іх бібліятэкар. У вольнай абстаноўцы, на раскладзеным на падлозе дыванку, дзеці з задавальненнем чытаюць прапанаваныя ім кнігі. Апошнія былі прысвечаны чытанню кніг серыі «Маленький профессор». Рабяты па чарзе чыталі ўслых навукова-папулярныя выданні для дзяцей «Как работают ученые. Химик» і «Как работают ученые. Биолог». Невялікага памеру, да 16 старонак, напісаныя кідкім шрыфтам з маляўнічымі ілюстрацыямі, кнігі прывабліваюць ужо сваім вонкавым выглядам. Згодна зместу ў канцы даюцца загадкі, на якія дзеці з ахвотаю даюць адказы.
    4 жніўня бібліятэка прапанавала  школьнікам спартыўна-гульнявую праграму “Хутчэй, вышэй, мацней”, якая прайшла  на свежым паветры. Мерапрыемства пачалося ў бібліятэцы з гутаркі бібліятэкара аб значэнні спорту ў жыцці чалавека і рэкамендацыі кніг і часопісаў спартыўнай тэматыкі, рабяты прачыталі вершы, назвалі прыказкі, разгадалі загадкі аб спорце. 
    Потым усе перамясціліся на пляцоўку каля бібліятэкі, дзе пачаліся спартыўныя эстафеты, гульні. Хлопчыкі спаборнічалі на адцісканне, дзяўчынкі круцілі абруч. З задавальненнем усе ўдзельнічалі ў папулярных гульнях: “Колца”, “Гусі  і паляўнічыя”, “Горны казёл”, “Пасадзіць бульбу” і інш. У канцы ўдзельнікаў чакаў самы цікавы конкурс “Сышчыкі”, дзе рабяты за знойдзеныя «трафеі» атрымлівалі салодкія прызы.