Галоўная / Навiны / Навiны раёна
02.07.2020

На планёрцы ў райвыканкаме: бяспека на дарогах, парадак у гаражных кааператывах і добраўпарадкаванне ў горадзе

Як паставяць, так і паедзем

    На балансе абслуговай арганізацыі 743 дарожных знака, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна. Іх стан - на кантролі ў старшыні райвыканкама Уладзіслава Гершгорына.
   Як паведаміў яго намеснік Вадзім Пашкоўскі, на гэты год запланавана ўстаноўка 13 знакаў, а таксама замена яшчэ 18. За першае паўгоддзе праведзена замена васьмі з іх. Кіраўнік раёна запатрабаваў паскорыць працу і ацаніць стан тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху, бо ад іх шмат у чым залежыць бяспека на дарозе.

Кааператыў ёсць, няма парадку

   На тэрыторыі гаражных кааператываў у райцэнтры праведзены маніторынг па навядзенні і падтрыманні парадку.
   Па словах начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі (?) Ірыны Роме, падчас праверкі выяўлена 190 месцаў неналежнага ўтрымання тэрыторыі. Большасць старшыняў гаражных кааператываў аператыўна адрэагавалі на заўвагі і прыступілі да іх ліквідацыі-пакосу пустазелля, уборцы смецця і складзіраваных матэрыялаў. Праўда, па стане на 30 чэрвеня ў парадак прыведзена толькі палова з выяўленых месцаў.
   Старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын даручыў правесці паўторны аналіз і падкрэсліў, што падтрыманне чысціні на даручаных аб'ектах – наша першачарговая задача.

Мост адноўлены

   Гараджан, якія рэгулярна карыстаюцца мостам праз раку Ашмянку па вуліцы францішканскай, хваляваў яго лёс. З-за аварыйнага стану раённым унітарным прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ён быў зачынены ў сувязі з запланаванымі рамонтнымі работамі.
   Паскорыцца і аднавіць аб'ект ад камунальнікаў запатрабаваў старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын. Як далажыў на аператыўнай нарадзе яго намеснік Вадзім Пашкоўскі, рамонт моста зроблены, вядуцца работы па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.
   Тэму добраўпарадкавання і руплівага гаспадарання прадоўжыў пытанне дэмантажу вадзяных калонак у горадзе, за карыстанне якімі ніхто не плаціць. Кіраўнік раёна адзначыў, што, прымаючы рашэнне аб ліквідацыі такіх калонак, як напрыклад каля аўтавакзала, неабходна пераканацца, што жыхары бліжэйшых дамоў не застануцца без водазабеспячэння.

Людміла Рыбік.