Афіцыйны сайт

Нетэпічны крадзеж

   Як правіла, п'янства штурхае людзей на ўчыненне розных злачынстваў. У стане алкагольнага ап'янення людзі здзяйсняюць самыя неверагодныя злачынствы, якім у наступстве самі здзіўляюцца. Аднак нядаўна ў судзе была разгледжана крымінальная справа аб учыненні незвычайнага злачынства, дзе алкаголь замешаны не быў.
   У адзін з дзён студзеня пад пакрыццём ночы чатыры чалавекі (назавём іх умоўна «прадпрымальнікі») знаходзіліся каля дзяржаўнай мяжы з вялікай партыяй цыгарэт, купленых у г. Мінску на грошы двух людзей з дадзенай кампаніі. Нам толькі даводзіцца дагадвацца, навошта яны там знаходзіліся і што хацелі зрабіць. Але задуманаму не наканавана было здарыцца, бо на іх шляху ўзнікла яшчэ адна кампанія з чацвярых людзей (назавём іх умоўна «выкрадальнікі»), якія таксама не зусім зразумела, навошта ў тым ж месцы аказаліся.
   «Стой, хто ідзе?» - сказаў нехта з «выкрадальнікаў», і ў наступную хвіліну думкі і дзеянні паляцелі кулём. «Прадпрымальнікі» кінулі цыгарэты і сталі бегчы, а «выкрадальнікі» сталі даганяць. Адны спалохаліся пагранічнікаў, а другія вырашылі затрымаць «нелегалаў». Пакуль адны ганяліся за другімі, цыгарэты, упакаваныя ў вялікія кашы, ляжалі на сцежцы.
   Пасля непрацяглай пагоні ў лесе ўсім стала зразумела, што адны не пагранічнікі, а другія зусім не «нелегалы». У ходзе высвятлення дачыненняў з боку «прадпрымальнікаў» узніклі прэтэнзіі, навошта напалохалі, ганяліся, вымусілі пакінуць цыгарэты, з боку «выкрадальнікаў» былі выказаны патрабаваннi выязджаць з гэтага лесу і больш не з'яўляцца ў дадзеным раёне. «Прадпрымальнікі» папрасілі вярнуцца, хочучы забраць кашы з цыгарэтамі. Не выпускаючы перавагі, «выкрадальнікі» сказалі, што падумаюць, ці аддаваць цыгарэты ўладальнікам.
   На гэтым падзеі дадзенай ночы скончыліся, кампаніі разышліся ў розныя бакі. «Прадпрымальнікі» раз'ехаліся па дамах. «Выкрадальнікі» вярнуліся на месца, дзе былі кінуты цыгарэты, забралі іх і перанеслі ў хлеў каля гаспадаркі  вёскі, якая знаходзілася недалека, дзе пражываў адзін з «выкрадальнікаў». Аднак канфлікт не вычарпаў сябе.
   У наступныя дні «прадпрымальнікі» неаднаразова прасілі вярнуць ім цыгарэты, пры гэтым адзін з іх для набыцця цыгарэт нават пазычыў буйную суму грошаў. Але «выкрадальнікі» усе працягвалі думаць, ці вяртаць цыгарэты або не. Адчаяўшыся атрымаць назад цыгарэты, «прадпрымальнікі» выказалі просьбу вярнуць можа б іх кошт.
    Скончылася гісторыя тым, што «выкрадальнікі» не вярнулі цыгарэты, якія былі рэалізаваны праз некаторы час, і іх кошт тым, хто гэтыя цыгарэты пакупаў, не вернута.
Пад раскраданнем у крымінальным заканадаўстве разумеецца проціпраўнае бязвыплатнае завалоданне чужой маёмасцю або правам на маёмасць з карыслівай мэтай, учыненую адным з дзевяці пералічаных у законе спосабаў.
   Нарэшце, і «выкрадальнікамі» заняліся праваахоўныя органы. У дачыненні чацвярых асоб была ўзбуджана крымінальная справа па факце раскрадання  цыгарэт у буйным памеры (ч. 3 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
   Судом разгледжана справа ў дачыненні траіх удзельнікаў крадзяжу цыгарэт, якія прызнаны вінаватымі ва ўчыненні раскрадання чужой маёмасці ў буйным памеры і ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці, а таксама спагнаны кошт выкрадзеных цыгарэт.

   
Намеснік пракурора Ашмянскага раёна
малодшы саветнік юстыцыі                                                           С.У. Малец