Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.06.2020

Абмежаванні на наведванне лясоў зняты на ўсёй тэрыторыі Беларусі

   Абмежаванні на наведванне лясоў знятыя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
   "У Беларусі прайшлі дажджы, і пажаранебяспечная абстаноўка стабілізавалася, знізіўся клас пажарнай небяспекі. Так што цяпер няма падстаў для абмежавальных мер. Райвыканкамы па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў аператыўна знялі абмежаванні на наведванне лясоў", - распавялі ў прэс-службе.
   Абмежавальныя меры ўводзяцца ў выпадку высокага класа пажарнай небяспекі. Галоўная мэта забароны на наведванне лясоў - забеспячэнне бяспекі грамадзян, захаванасці іх маёмасці, а таксама ляснога фонду. На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана Інтэрактыўная карта забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна аператыўна адсочваць увод і адмену забаронаў у розных рэгіёнах краіны.
   У лясгасах налічваецца 257 пажарна-хімічных станцый, а таксама 663 пункты супрацьпажарнага інвентара, якія ўкамплектаваныя неабходнымі сродкамі пажаратушэння. Акрамя таго, створана сетка з 656 пажарна-назіральных вышак і мачтаў, з якіх 594 абсталяваны сродкамі відэаназірання за станам ляснога фонду.