Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.07.2020

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі пачалася 5 ліпеня

   У адпаведнасці з графікам правядзення выбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі 5 ліпеня пачалася рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, паведамляе карэспандэнт агенцтва "Мінск-Навіны".
   Дакументы для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на вышэйшую кіроўную пасаду ў краіне падалі сем чалавек-Віктар Бабарыка, Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандр Лукашэнка, Святлана Ціханоўская, Валерый Цапкала, Сяргей Чарачэнь.
   Першапачаткова ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп для збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Каб вылучыцца ў якасці кандыдата, неабходна было сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў, і сем чалавек заявілі пра збор патрабаванага ліку подпісаў. Пасля праверкі падпісных лістоў тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі не набраў неабходнага мінімуму толькі Валерый Цапкала, у якога сапраўднымі прызнана 75 249 подпісаў.
   Да 4 ліпеня патэнцыйныя кандыдаты павінны былі падаць заяву аб згодзе балатавацца, анкету з біяграфічнымі звесткамі, дэкларацыю аб даходах і маёмасці за 2019 г., звесткі аб стажы і аб адукацыі.
   Як распавяла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, звесткі, названыя ў дакументах, таксама будуць правярацца:
   - Паверку будзе ажыццяўляць ЦВК шляхам накіравання дэкларацый у органы, якія ўлічваюць нерухомасць, транспартныя сродкі, каштоўныя паперы грамадзян і дадуць падрабязны адказ, што з маёмасці і даходаў маецца ў прэтэндэнтаў і наколькі яны былі праўдзівыя, складаючы дэкларацыі.
   Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 5 па 14 ліпеня, а пасля пачнецца агітацыя. Дзе ў Мінску можна праводзіць масавыя мерапрыемствы з удзелам кандыдатаў у прэзідэнты і іх давераных асоб, шукайце тут.
   Датэрміновае галасаванне будзе адбывацца з 4 па 8 жніўня, выбары прэзідэнта прызначаныя на 9 жніўня.