Абласны этап рэспубліканскага фестывалю творчасці «Нашы таленты-табе, Беларусь!», арганізатарам якога выступае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, адбудзецца 10 лістапада ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. На адной сцэне сустрэнуцца прадстаўнікі прафсаюзных і ведамасных клубных устаноў культуры з Гродна, Слоніма і Ваўкавыска.
Фестываль пройдзе ў фармаце конкурсу тэматычных канцэртных праграм, якія будуць уключаць розныя віды і жанры мастацкай творчасці, выступленні лепшых калектываў, студый і індывідуальных выканаўцаў.
«У прафсаюзных і ведамасных клубных установах, як правіла, засяроджваецца ўся культурная і творчая жыццё прадпрыемстваў. Людзі прыходзяць сюды, каб адпачыць пасля працоўнага дня, паказаць свае таленты. Таму вельмі важна развіваць гэты кірунак, каб кожны чалавек мог праявіць сябе не толькі ў працы, але і ў творчасці, бо творчасць працоўных калектываў – гэта душа беларускага народа», – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Глеб Лапіцкі.
Па выніках абласнога этапу конкурсу вызначаць пераможцаў – каманды, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы, а таксама лепшы калектыў сярод невялікіх устаноў. Але права прадстаўляць Гродзеншчыну ў фінале атрымае толькі адна каманда.
Пасля конкурсных выступленняў адбудзецца круглы стол, падчас якога члены журы і кіраўнікі устаноў вобласці абмяркуюць пытанні развіцця культуры і арганізацыі вольнага часу ў працоўных калектывах, ўключэння работнікаў і членаў іх сем'яў у гурткі мастацкай творчасці.
Лепшы творчы калектыў рэгіёну назавуць ўвечары ў драмтэатры перад паказам унікальнага мюзікла «7 таямніц Беларусі» – сумеснага творчага праекта ФПБ і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Дарэчы, пастаноўку ўбачаць не толькі ўдзельнікі фестывалю, але і прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі і студэнты.
Фінал жа рэспубліканскага фестывалю «Нашы таленты-табе, Беларусь!» адбудзецца ў снежні на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў. Удзельнікі ад кожнай вобласці і горада Мінска пакажуць журы 7 лепшых канцэртных праграм.
Акрамя таго, у рамках мерапрыемства плануецца правядзенне вялікага круглага стала з удзелам кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў, Міністэрства культуры і іншых зацікаўленых ведамстваў з кіраўнікамі калектываў і творчых устаноў.
Завершыцца рэспубліканскі фестываль творчасці вялікім гала-канцэртам, на якім выступяць пераможцы абласных этапаў сумесна з народнымі артыстамі Беларусі, вядомымі спевакамі і музыкамі.