Галоўная / Сацыяльная сфера / Культура / Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К.Багушэвіча

Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К.Багушэвіча

Установа культуры “Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К.Багушэвіча”

Адрас установы:
231103
г.Ашмяны,
вул. Савецкая, 128.
Кантактны тэлефон:

8 (01593) 7 67 52 (дырэктар) 7 67 53 (навуковыя супрацоўнікі).

Рэжым работы: Панядзелак: выхадны
Аўторак - нядзеля: з 10.00 да 19.00 


Гісторыя музея

Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К.Багушэвіча заснаваны на падставе пастановы Савета Міністраў Беларускай ССР ад 27.09.1952 г. Будаўніцтва памяшкання пад музей пачалося ў жніўні 1953 года па вуліцы Савецкай, 80. У тым жа годзе музею прысвоена імя Ф.К.Багушэвіча. Адкрыццё экспазіцыі адбылося 16 кастрычніка 1955 года. У год адкрыцця працавалі аддзел сацыялістычнага будаўніцтва і куточак, прысвечаны беларускаму паэту-дэмакрату  Ф.Багушэвічу.  У 1963 годзе  музей  быў скасаваны  як дзяржаўны, пераведзены на грамадскія пачаткі і перададзены школе-інтэрнату. У 1965 годзе была створана і адкрыта для наведвальнікаў новая экспазіцыя.  Яна  складалася  з  трох  аддзелаў: прыроды, гісторыі дасавецкага часу,  гісторыі  савецкага   грамадства. У  1970 годзе працавалі 10 залаў, дзе выстаўляліся 1264 экспанаты асноўнага фонду. Усяго ў музеі налічвалася  3317  экспанатаў.  Чарговы  раз  экспазіцыя  аднаўлялася   ў  1987 годзе. Музей захоўвае прадметы археалогіі  і  нумізматыкі, асабістыя рэчы  ашмянцаў  і  прадметы  народнага  побыту, вырабы  майстроў-умельцаў  і дакументы,  зброю  і фатаграфіі, чучалы і муляжы, кнігі, асабістыя справы знакамітых ашмянцаў і інш.
          У жніўні 2000 года музей атрымаў гістарычны будынак, які быў пабудаваны ў 1850 годзе. Рэканструкцыя будынка музея завершана ў кастрычніку  2009 года.  20 лістапада 2009 года адбылося ўрачыстае адкрыццё  выставачнай  залы  музея.  За  гэты  перыяд музей стаў сапраўдным культурным цэнтрам раёна, у якім праходзяць самыя розныя мерапрыемствы  і сустрэчы.
        17 чэрвеня 2010 года адбылася прэзентацыя выстаўкі прэзідэнта Міжнароднай Асацыяцыі “Мастацтва народаў свету”  М.І.Карнілава  “Дар галереи “НИКОР”.  Музей  атрымаў  у дар 431 мастацкі  твор (жывапіс, графіка, скульптура).  Галерэя  працуе  і сёння, яна ўзбагачае музей прыгажосцю.
       З лістапада 2013 года ў  музеі  працуе  новая  экспазіцыя, якая ўключае 4 залы, прысвечаныя  прыродзе, гісторыі  і культуры Ашмянскага краю.
 
      Экспазіцыйная  зала "Свет прыроды "
   Зала прысвечана расліннаму і жывёльнаму свету Ашмянскага раёна. Адкрывае  экспазіцыю  фізічная  карта раёна з асноўнымі помнікамі прыроды, побач з якой прадстаўлена Чырвоная Кніга Рэспублікі Беларусь. Зала паралельна раскрывае тэму зімы, вясны, лета і восені з жывёльным светам  лесу, балот, вадаёмаў, лугоў.  Так,  на   фоне зімовага лесу растаўлены алені, зубры, вясна прадстаўлена насельнікамі балот, летні вадаём напоўнены вадаплаўнымі птушкамі, а  на восеньскім лузе размешчаны  чучала лася, вожыка, казулі і многіх птушак.
Экспазіцыйная зала "Ашмяны ад старажытнасці да ХХІ стагоддзя"
   Зала расказвае наведвальнікам аб гісторыі Ашмян ад моманта заснавання па сённяшні дзень. С.І.Верамейчыкам была распрацавана гіпатэтычная рэканструкцыя старажытных Ашмян, дзякуючы якой наведвальнікі  музея   змогуць даведацца, як  выглядаў горад на пачатку свайго развіцця  і  як  пашыраўся  па меры яго будаўніцтва.
   Вітражы з выявай Ашмян ў розны гістарычны перыяд тэматычна звязаны з вітрынамі, у якіх размешчаны экспанаты тых часоў, а таксама з навакольнай прасторай за акном. Шпалеры ў першай зале маюць выгляд карты Вялікага Княства Літоўскага. Паколькі музей носіць імя паэта-дэмакрата Ф.К.Багушэвіча, чырвонай  ніццю праз усю экспазіцыю, нібы бягучы радок, праходзіць верш  Францішка Багушэвіча "Мая дудка".
  
 Экспазіцыйная зала «Славутыя мясціны Ашмяншчыны».

     Увазе наведвальнікаў прадстаўлены славутыя мястэчкі Ашмянскага раёна:  Мураваная Ашмянка, Баруны, Гальшаны і Жупраны. Падарожнічаючы па Ашмяншчыне, наведвальнікі змогуць даведацца аб помніках і знакамітых асобах, якія пакінулі свой незабыўны след на нашай зямлі. У электронных  рамках  размешчаны фота і дакументы, якія не ўвайшлі ў прадметны рад.
    Згодна мастацкай задумцы, праз музейныя калекцыі асобна паказваюцца шляхецкая і сельская культуры. Для такога паказу ўжыты цікавы экспазіцыйны прыём - з боку сельскай культуры выкарыстаны шпалеры, на якіх вобраз, узяты з ручнікоў і тканін з фондаў музея. З іншага боку – дэкаратыўны  ўзор  на  шпалерах, уласцівы  шляхецкай  культуры. Такі ж мастацкі прыём мы бачым і ў пунктах  падарожжа.
 
Экспазіцыйная зала «Старонкі гісторыі краю ў ХХ ст.»
 
    Падарожжа па Ашмяншчыне перарываецца цёмна-шэрай паласой вайны. У экспазіцыйнай зале прадстаўлены вобраз вайны, якая нясе разбурэнне любому жыццю.
   Увазе наведвальнікаў прадстаўлена бытавая культура пасляваеннага перыяду, а таксама адукацыя на Ашмяншчыне ў савецкі перыяд. Лагічнае завяршэнне гэтай залы - мемарыяльны куток Францішка Багушэвіча, тут заканчваецца бягучы радок, і наведвальнікі могуць прачытаць верш "Мая дудка" цалкам.
         Ашмянскі музей актыўна ажыццяўляе культурна-адукацыйную дзейнасць: супрацоўнікі  музея праводзяць музейныя заняткі, чытаюць лекцыі ў навучальных установах і на прадпрыемствах Ашмянскага раёна. Найбольшай  папулярнасцю  сярод  жыхароў горада і раёна карыстаецца “Ноч музеяў”, якая  праводзілася  ў Ашмянскім  краязнаўчым  музеі  імя   Ф.К.Багушэвіча ўжо чатыры разы. Акрамя таго, у музеі праводзяцца навуковыя канферэнцыі, семінары, сустрэчы са знакамітымі землякамі.
 

Найбольшай  папулярнасцю  сярод  жыхароў горада і раёна карыстаецца “Ноч музеяў”, падчас якой жыхароў і гасцей горада чакаюць сустрэчы з гістарычнымі персанажамі, разнастайныя конкурсы, віктарыны, музычныя нумары. Акрамя таго, у музеі праводзяцца навуковыя канферэнцыі, семінары, сустрэчы са знакамітымі землякамі.

 

Кошт уваходнага квітка:
Кошт уваходнага квітка на экспазіцыю:

1,00 руб. – дзіцячы;

1,00 - студэнцкі;

2,00 руб.  – дарослы.
Кошт уваходнага квітка на выстаўку з фондаў музея:
1,00 руб. - для ўсіх катэгорый наведвальнікаў. 

Аўдыёгід:
2,00 руб.;
Кошт экскурсіі:

4,00 руб.  – для дзяцей;

5,00 руб.  – для дарослых.
Музейна-педагагічны занятак:
6, 00 руб. - з групы да 25 чалавек; 

Музейная квэст-гульня:
6, 00 руб. - з групы да 20чалавек + кошт уваходных квіткоў; 

Лекцыя:
10,00 руб.- з групы да 25 чалавек;

 Экскурсія з выхадам на аб'ект:
9,00 руб. - з групы да 25 чалавек. 

  

Сардэчна запрашаем!

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на афіцыйным сайце УК “Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К.Багушэвіча”  10http://www.oshmuzey.by/