
Ашмянскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года. Першапачаткова ўваходзіў у
склад Вілейскай і Маладзечанскай абласцей, з 20 лістапада 1960 года
уключаны ў Гродзенскую вобласць. Размешчаны ў яе паўночна-усходняй
часткі на Ашмянскім ўзвышшы. Мяжуе на захадзе з Літвой, на поўначы - з
Астравецкім раёнам, на ўсходзе і поўдні - адпаведна са Смаргонскім і
Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці і на паўднёва-усходзе - з
Воложынскім раёнам Мінскай вобласці. Плошча тэрыторыі складае 1, 2
тысячы квадратных кіламетраў. Глебы дзярнова-падзолістыя і
тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 34 % тэрыторыі. Пад сельскагаспадарчымі
ўгоддзямі занята 53 % тэрыторыі. Зоны адпачынку - урочышча «Сухая»,
гарадскі парк, возера ў кв. Будаўнікоў, в. Харанжышкі, д. Алькавічы.
Працуюць дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба», установа аховы здароўя
"Туберкулёзная бальніца "Ашмяны".
У раёне 10 сельскіх Саветаў:
Борунский, Гальшанскі, Граужышкоўскі, Гродінскі, Жупранскі,
Каменналогскі, Кальчунскі, Крэйванцаўскі, Мураванаашмянкоўскі,
Навасёлкаўскі, якія ўключаюць 364 населеныя пункты. Насельніцтва раёна
(па дадзеных перапісу насельніцтва 2009г.) – 32,3 тыс. чал., у тым ліку
сельскага насельніцтва 14,8 тыс., гарадскога – 17,5 тыс. чал. Цэнтр
раёна - горад Ашмяны - размешчаны на рацэ Ашмянцы за 220 км ад Гродна,
17 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны,120 км ад Мінска і 55 км ад Вільні.
Праз Ашмянскі раён праходзіць дзевяты транспартны калідор, які злучае
краіны Заходняй Еўропы і краіны СНД. Лінгвісты лічаць, што назва горада
паходзіць ад літоўскага слова «Ошмянес» - вастрыё. Ашмянская крэпасць,
на іх думку, была вастрыём мяча, які неаднаразова спыняў іншаземных
заваёўнікаў (маюцца і інш тлумачэнне). Тут здаўна суседнічалі
насельніцтва славянскіх і балтыйскіх плямёнаў. Горад узнік у пачатку ХІ
стагоддзя, у дакументах упершыню згадваецца пазней, калі Вялікі князь
Літоўскі Гедымін незадоўга да сваёй смерці (памёр у 1341г.) прызначаў
сыноў на княжанне ў ўдзельныя зямлі. Яўкуту (самаму малодшаму) ён
вызначыў «Вільню з прыгарадамі: Ошмяною, Браслаўлем, Вількамірам». У
гэты час Ашмяны ўваходзілі ў Віленскае княства, з 1413 года - у
Віленскае ваяводства. Горад падвяргаўся набегам з боку татараў,
крыжакоў, перанёс нямала нягод у час барацьбы за вялікакняжскі трон
паміж Жыгімонтам і Свідрыгайла. У ХVI стагоддзі горад атрымаў
Магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 года, у працы якой
прымала ўдзел Ашмянская дэлегацыя на чале з Паўлам Астравіцкім, горад - у
складзе Рэчы Паспалітай. У 1792 годзе атрымаў свой герб. З 1795 года - у
Віленскай губерні Расійскай імперыі. У 1845 годзе Ашмяны атрымалі новы
герб. У 2005 годзе з мэтай ліквідацыі рознагалоссяў, якія ўзнікаюць з-за
наяўнасці ў Ашмянаў двух гістарычных гербаў, праведзена праца па
стварэнні афіцыйных геральдычных сімвалаў (герба і сцяга) г. Ашмяны і в.
Гальшаны. У мінулым стагоддзі ў Ашмянах працавалі гарбарныя і іншыя
заводы і фабрыкі, быў пабудаваны дражджавы завод - найстарэйшае
прадпрыемства рэспублікі, якое захавалася да нашых дзён. У 1915 годзе
акупаваны кайзераўцамі, у канцы снежня 1918 года вызвалены Чырвонай
Арміяй. На працягу 20 гадоў знаходзіўся ў складзе Польшчы, з 1939 г. г.
па 1941г. - у складзе Вілейскай вобласці БССР. У студзені 1940 года
становіцца цэнтрам раёна. Ашмянскі раён зведаў усе жахі нямецкай
акупацыі, страціў многіх сваіх сыноў і дачок. 7 ліпеня 1944 года
Савецкая Армія вызваліла Ашмянскую зямлю ад нямецка-фашысцкіх
захопнікаў. Ашмянская зямля багатая культурнымі традыцыямі, важка яе
гістарычная спадчына. Аб падзеях, якія мелі месца ў мінулым, сведчыць 48
помнікаў гісторыі, 11 – архітэктуры, 7 – археалогіі. На тэрыторыі раёна
магілы беларускага паэта Ф. Багушэвіча (аг. Жупраны); хіміка, урача,
філосафа і асветніка А. Снядэцкага (в. Гароднікі). Сярод помнікаў
архітэктуры - будынак Базыльянскага манастыра ў аг. Баруны (ХVII ст.),
Францысканскага кляштара і касцёла ў аг. Гальшаны (ХVII ст.), руіны
Гальшанскага замка (1 паловы ХVII ст.) і інш. У раёне нарадзіліся
жывапісец Ю. Карчэўскі, савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч К.
Стрыеўскі, польскі паэт, перакладчык, мемуарыст і грамадскі дзеяч А. Э.
Адзінец, кіраўнік паўстання 1863-1864 гг. у Ашмянскім павеце, археолаг і
мемуарыст З. Мінейка, паэт, публіцыст і гісторык Ч. С. Янкоўскі, паэты
В. Адважны і А. Зязюля, народны артыст РСФСР А. І. Батурын. Праз
тэрыторыю раёна, паблізу населенага пункта - в. Цюпішкі, праходзіць Дуга
Струвэ, якая ў чэрвені 2005 года 29 сесіяй Міжнароднага камітэта ЮНЕСКА
па ахове сусветнай культурнай спадчыны ўключана ў Спіс сусветнай
спадчыны. У раёне маюцца помнікі прыроды рэспубліканскага значэння:
заказнік «Сухадол», валуны «Нявесцін камень», «Жвірблішкінскі»,
«Студзянецкі», «Вялікі камень Смалянкоўскі». Помнікі прыроды мясцовага
значэння: заказнікі «Клева» і «Навасёлкі», біялагічны заказнік
«Пагранічны», Плябанская даліна, гара «Пелікан», Цюпішская гара, 25
валуноў - геалагічныя помнікі.