Галоўная / Навiны / Навiны раёна
05.03.2021

Адбыўся выніковы пленум Ашмянскай раённай арганізацыі ГА БРСМ

   Адбыўся выніковы пленум Ашмянскай раённай арганізацыі ГА БРСМ, на якім актывісты арганізацыі падвялі вынікі дзейнасці за мінулы год і вызначылі задачы на 2021-ы.
   Са справаздачай выступілі першы сакратар Ашмянскай раённай моладзевай арганізацыі Вікторыя Прэцкайла-Місюта, сакратары першасных арганізацый СШ №1 Імя М. М. Гружэўскага Аліна Лянкоўская, райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Галгоўскі.  З дапамогай прэзентацый выступоўцы паказалі дзейнасць арганізацыі і падзяліліся вопытам работы па розных напрамках маладзёжнай палітыкі, у тым ліку па прапагандзе здаровага ладу жыцця, бяспекі, прафілактыцы супрацьпраўнай дзейнасці ў маладзёжным асяроддзі, удзелу ў дабрачынных мерапрыемствах і акцыях, патрыятычнай працы і другаснай занятасці, узаемадзеянню з іншымі грамадскімі арганізацыямі.
   На пленуме былі вызначаны прыярытэты працы ў 2021 годзе. У ліку галоўных-інфармацыйная праца з моладдзю, развіццё дабрачыннай і валанцёрскай дзейнасці, садзейнічанне ў другаснай занятасці, уцягванне ў шэрагі арганізацыі рабочай і сельскай моладзі. Будзе нададзена ўвага навучанню актыву і працы ўнутры першасных арганізацый. Без увагі актывістаў БРСМ не застануцца непаўналетнія, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная праца. Асаблівае значэнне набывае патрыятычнае выхаванне моладзі.  Шэраг моладзевых праектаў будуць прысвечаны Году народнага адзінства, малой радзіме і Беларусі.
   На выніковым пленуме прысутнічала намесніца старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталля Станкевіч, кіраўнікі раённых грамадскіх арганізацый Раіса Турлай, Уладзімір Бельчанка, Юрый Карповіч, начальнікі аддзелаў райвыканкама Кацярына Астрамовіч, Святлана Баркоўская, дырэктарка СШ №1 Марына Куліковіч.
   Наталля Станкевіч і Раіса Турлай, з'яўляючыся дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу, падзяліліся з удзельнікамі пленума ўражаннямі ад галоўнага дзяржаўнага форуму і арыентавалі моладзевых актывістаў на задачы, якія пастаўленыя кіраўніком дзяржавы перад маладымі грамадзянамі краіны.
   18 маладым ашмянцам на пленуме былі ўручаны членскія білеты ГА БРСМ. Цырымонію ўручэння правялі намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч і першы сакратар арганізацыі Вікторыя Прэцкайла-Місюта.
   Кіраўнікі раённых грамадскіх арганізацый адзначаны граматамі райкама БРСМ за цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Акрамя таго, падзякі за працу ўдастоены шэраг сакратароў першасных арганізацый і актывістаў моладзевага руху.

Ашмянскі Веснік