Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.08.2020

Ашмянская раённая бібліятэка пераехала па новым адрасе

   Ашмянская раённая бібліятэка змяніла сваё месца дыслакацыі. Раней яна размяшчалася ў будынку ў цені дрэў гарадскога парку, цяпер-у былым навучальным корпусе аграрна-эканамічнага каледжа па адрасе Савецкая 19/2, насупраць крамы "Юбілейны". Бібліятэка заняла першы паверх.
   Дарэчы, нядаўна мы пісалі, што ў гэты ж будынак "перасялілася" і дзіцячая бібліятэка, толькі яна працуе на другім паверсе. Цяпер за кнігамі могуць прыходзіць у адзін будынак і дарослыя, і дзеці-кожны на свой паверх.
   Кніжны фонд разам з перыёдыкай у "новы дом" пачалі перавозіць яшчэ ў траўні. Хай усе працы яшчэ не дайшлі да стоадсоткавага завяршэння і некаторыя дробязі дапрацоўваюцца, але ўжо сёння бібліятэка паўнавартасна функцыянуе і прымае сваіх наведвальнікаў у новым будынку.
   Работнікі прызнаюцца, што будуць сумаваць па папярэднім корпусе, ужо вельмі ён быў для іх родным і ўтульным, аднак абнаўлення – заўсёды да станоўчага. Будынак былога каледжа хоць і не новай пабудовы, але ён значна прасторней і святлей. Да таго ж у вялікім фае з'явілася магчымасць для больш маштабных тэматычных выстаў выданняў. Дарэчы, адна з экспазіцый ўжо радуе наведвальнікаў.
   Ашмянская раённая бібліятэка адкрыта кожны дзень, акрамя суботы, з дзесяці раніцы да сямі вечара, і чакае сваіх чытачоў.

"Ашмянскі Веснік"