Галоўная / Навiны / Навiны раёна
07.02.2020

Чатырнаццацігадовая спартсменка з Ашмян стала пераможцам Кубка Гродзенскай вобласці па цяжкай атлетыцы

     Выдатная навіна прыйшла сёння ў наш горад з Гродна. Гэтымі днямі там праходзіць адразу два спаборніцтвы: Кубак Гродзенскай вобласці па цяжкай атлетыцы і першынство сярод моладзі да 23 гадоў.

     У спаборніцтвах прымае ўдзел каманда з Ашмянскага раёна. Бліскуча завяршыла сваё выступленне выхаванка Міхаіла Станкевіча, майстар спорту па паўэрліфцінгу Лізавета Матарас. Чатырнаццацігадовая атлетка вырвала перамогу ў сваёй узроставай катэгорыі ў першынстве да 23 гадоў. На вышэйшую прыступку п'едэстала паднялася Лізавета і ў Кубку вобласці сярод дарослых, апярэдзіўшы сваіх саперніц у суме дваябор'я на цэлых шэсць кілаграмаў!
Падарыўшы перамогу Ашмянскаму раёну і яго жыхарам у юбілейны год, юная Ашмянка ўсяліла ўпэўненасць і імкненне да перамогі ў сваіх таварышаў па камандзе.

     Як змагла Лізавета Матарас дасягнуць такога выніку? Упартая штодзённая праца, стараннасць і мэтанакіраванасць зрабілі сваю справу. Пастаянную падтрымку адчуваюць ашмянскія спартсмены ад начальніка сектара спорту і турызму Ангеліны Жук і старэйшага інспектара гэтага сектара Наталлі Кухаравай, якія, дарэчы, першымі павіншавалі Лізавету Матарас і яе трэнера з важкімі спартыўнымі вынікамі.

Аліна САНЮК.