Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.03.2021

Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначылі ў Ашмянах

   15 сакавіка – знамянальная падзея ў жыцці незалежнай Беларусі. У гэты дзень у 1994 годзе быў прыняты галоўны дакумент нашай краіны – Канстытуцыя Рэпублікі Беларусь, якая гарантуе нам свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага, усебаковага развіцця асобы.
   Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сабрала ў Ашмянскім раённым цэнтры культуры ветэранаў працы, прадстаўнікоў грамадскасці і органаў мясцовай улады, работнікаў арганізацый і ўстаноў, маладое пакаленне Ашмяншчыны.
   Са словамі віншаванняў звярнуўся да ўдзельнікаў сходу старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч.
   — Дзень Канстытуцыі, як і Дзень Незалежнасці – адно з галоўных дзяржаўных святаў для кожнай краіны, таму што канстытуцыя – гэта ўвасабленне грамадскага ладу, гэта прававы фундамент, на якім грунтуецца жыццяздольнасць краіны, адзінства народа, палітычная і сацыяльна-эканамічная стабільнасць, — адзначыў Мікалай Уладзіміравіч. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь стала асновай для правядзення ў краіне паслядоўных палітычных і сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, умацавання дзяржаўнага суверэнітэту. Агульнымі намаганнямі за адносна невялікі прамежак часу была пабудавана паўнавартасная незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь.
   У Канстытуцыі адзначана, што вышэйшай каштоўнасцю дзяржавы з’яўляецца чалавек, а галоўным прыярытэтам – правядзенне эфектыўнай сацыяльнай палітыкі. Менавіта таму па традыцыі падчас раённай урачыстасці праходзіць узнагароджанне працоўных калектываў і перадавікоў народнай гаспадаркі Ашмяншчыны, якія паказалі высокія рэзультаты ў грамадска-палітычным жыцці і сацыяльна-культурным будаўніцтве. Не стаў выключэннем і гэты святочны дзень. Па выніках мінулага года лепшыя калектывы і працаўнікі, занесеныя на раённую Дошку гонару, прымалі кветкі і віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Гардзея. Шчырых слоў удзячнасці была ўдастоена сям’я Віктара Іванавіча і Алёны Віктараўны Высоцкіх, што пражывае ў аграгарадку Баруны, якая таксама заняла дастойнае месца на раённай Дошцы гонару.
   Дыпломаў райвыканкама і грашовых прэмій былі ўдастоены калектывы Ашмянскай раённай бібліятэкі, ПВУП “Мемком” і РУП ЖКГ – за лепшую арганізацыю работы па аховы працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму.
   Запамінальным гэты дзень стаў і для моладзі. Вучні ўстаноў адукацыі раёна, якія дабіліся значных поспехаў у першым паўгоддзі 2020 – 2021 навучальнага года, атрымалі ад намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Станкевіч прэмію “Надзеі Ашмяншчыны”. Вучань 10 класа гімназіі № 1 Мікіта Ромме і вучаніца 8 класа Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К.Багушэвіча Арына Сухадольская сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў.
   Да свята, прысвечанага Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, традыцыйна была прымеркавана і акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”. Яе ўдзельнікамі сталі 7 юнакоў і дзяўчат раёна, якім споўнілася 14 год. Галоўны дакумент у жыцці кожнага чалавека – пашпарт і памятную кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” юным жыхарам Ашмяншчыны ўручыў начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Дзяніс Якавец.
   Шэраг маладых людзей Ашмяншчыны папоўнілі ў гэты дзень рады раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання БРСМ. Ва ўрачыстаў абстаноўцы членскія білеты і значкі ім уручыла першы сакратар моладзевай арганізацыі Вікторыя Працкайла – Місюта, якая пажадала моладзі мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, праслаўляць не толькі Ашмянскі край, але і Рэспубліку Беларусь.
   Да шчырых віншаванняў, адрасаваных усім прысутным у зале, далучыліся творчыя калектывы і выканаўцы школ горада, Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў і раённага цэнтра культуры.

Ашмянскі веснік