Галоўная / Навiны / Навiны раёна
26.09.2022

І было на Гальшанскім кірмашы ўсё, што трэба для душы

Восень – прыгожая пара, якая дорыць безліч прыемных эмоцый, цёплых момантаў, яркіх сустрэч. Лагодным нядзельным вечарам для жыхароў аграгарадка Гальшаны быў зладжаны восеньскі кірмаш, які стаў сапраўдным святам для жыхароў. Перад аднавяскоўцамі выступіў узорны інструментальны ансамбль “Мелодыка”. Юныя артысты мясцовай дзіцячай школы мастацтваў  выканалі некалькі шчымлівых кампазіцый і тым самым дапамаглі слухачам акунуцца ў незвычайны свет музычнага хараства.

Тэатралізаванае прадстаўленне павесяліла прысутных. У героях пастаноўкі многія пазналі сябе. Дасціпныя жарты, безліч прыказак і прымавак, трапныя афарызмы – усё гэта, быццам з чароўнага рога, лілося са сцэны і спрыяла стварэнню цёплай і душэўнай атмасферы. Сняжана Кагадоўская, Станіслава Тамашэвіч, Віялета Суравец, Алена Шавель, Святлана Ганусевіч, Таццяна Завацкая, Алена Альшук, Таццяна Корсак, Канстанцін Яраш трапна адлюстравалі кірмашовую рэчаіснасць, дапамаглі акунуцца ў вясковы быт і ад душы пасмяяцца.

Конкурсная праграма спрыяла раскрыццю творчага патэнцыялу, спрыту і пачуцця гумару гледачоў. Гальшанскі пернік атрымліваў кожны, хто паспяхова спраўляўся з заданнямі. А сагравацца нядзельным вечарам дапамагала каша ад бабы Ганны. Кожны прысутны мог падняць сабе настрой і пачаставацца гарачай кашай.

Які  кірмаш бывае без гандлю? Вядома ж, ніякі. Праца гандлёвых кропак стварала па-сапраўднаму кірмашовы настрой. Тавары на любы ўзрост і кашалёк былі прадстаўлены гандлярамі.

Музычныя нумары стварылі ўзнёслую атмасферу, сталі прыемнай неспадзяванкай для аматараў танцаў. Супрацоўнікі мясцовага клуба Марына Кісліцкая і Любоў Шчарбакова выканалі яркія  кампазіцыі. А Таццяна Чэрская, Арцём Гружэўскі, Валянцін Роман падбадзёрылі прысутных дынамічнымі песнямі.

Кірмаш – даўняя беларуская традыцыя, якая ва ўсе часы аб’ядноўвала людзей, давала магчымасць жывых зносін. Гальшанскі кірмаш стаў сапраўднай падзеяй для жыхароў і гасцей мястэчка, дапамог стаць на крок бліжэй адзін да аднаго, да традыцый і звычаяў нашага народа.