Галоўная / Навiны / Навiны раёна
09.03.2021

Як гадуюць чэмпіёнаў. У Ашмянах аднавіў сваю працу Байцоўскі клуб "Тытан"

   Жыццё Уладзіслава Шульжыцкага з дзяцінства звязана са спортам. Яшчэ падчас вучобы ў СШ №1 ён запісаўся ў секцыю па рукапашным баі да Шагена Дыланяна. Трэнер павёў актыўнага падлетка і накіраваў яго энергію ў правільнае рэчышча. Прымаючы ўдзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню, Улад выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Пасля заканчэння школы ён, не раздумваючы, падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, каб стаць трэнерам па рукапашным баі. Адразу ж трапіў у зборную Беларусі, у складзе якой быў на працягу чатырох гадоў. У 2017 годзе спартсмен атрымаў званне майстра спорту Рэспублікі Беларусь. У гэты час ён і сам узмоцнена трэніраваўся, і спасцігаў вопыт трэнерскай працы, займаючыся з хлопцамі.
   А потым была служба ў арміі і магчымасць паспрабаваць свае сілы за мяжой. Аднак так склалася, што Радзіма ўсё-ткі стала бліжэй.
   Зараз Уладзіслаў Шульжыцкі выкладае фізічную культуру ў Жупранскай СШ імя Багушэвіча. Адказны і граматны настаўнік прывівае любоў да спорту сельскім дзецям, якія вельмі любяць яго ўрокі. З верасня 2020 года аднавіў у Ашмянах сваю працу Байцоўскі клуб "Тытан". Шматразовы чэмпіён па рукапашным баі і ушу-саньда стаў індывідуальным прадпрымальнікам і трэніруе хлапчукоў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў.
   Спачатку ва Уладзіслава былі сумневы, ці ён зможа набраць неабходную колькасць дзяцей. На шчасце, праз паўгода утварылася каманда хлопчыкаў і дзяўчынак, якія займаюцца спортам з велізарным задавальненнем.
   - Падчас першай сустрэчы нам здалося, што трэнер будзе вельмі строгім, але пазней Улад стаў для нас не толькі настаўнікам, але і сябрам, - сцвярджаюць хлопцы.
   Ды і сам трэнер супраць, каб у яго калектыве прысутнічала "армейшчына".
   - Дысцыпліна, вядома, важная, — лічыць Улад Шульжыцкі, — але адносіны ў нас будуюцца на даверы і разуменні, падтрымцы адзін аднаго. Прыемна, што мяне падтрымліваюць і дапамагаюць у працы бацькі маіх выхаванцаў.
   За паўгода юныя спартсмены ўжо сем разоў спрабавалі свае сілы на спаборніцтвах і першынствах Рэспублікі. Дзякуючы Уладзіславу павольнымі, але ўпэўненымі крокамі юныя чэмпіёны дасягаюць пастаўленых мэтаў і становяцца бліжэй да сваёй мары.
   Добрыя вынікі паказвае Мікіта Станкевіч, які на лютаўскім турніры па панкраціёне, які прайшоў у Мінску, датэрмінова, на працягу сямі секунд, выйграў два баі ў свайго суперніка і атрымаў званне «Лепшы накаўт турніру» і байцоўскія пальчаткі-у падарунак. Радуюць трэнера сваімі поспехамі Міраслава Пятровіч, Эвеліна Пятровіч, Максім Мацкойць, Паліна Сегень, Данііл Мацэвіч, Іван Міхалоўскі і Ягор Гарлуковіч.
    У найбліжэйшыя выхадныя выхаванцы Уладзіслава Шульжыцкага адправяцца на чарговыя спаборніцтвы ў Мінск – на першынство Рэспублікі па рукапашным баі. Цяпер яны актыўна трэніруюцца. Кожнаму з хлопцаў хочацца прывесці дадому заслужаную ўзнагароду. Хто ведае, магчыма, хто-небудзь з іх потым звяжа сваё жыццё са спортам і будзе праслаўляць на спартыўнай арэне наш родны горад.

Ашмянскі Веснік