Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.01.2021

Маладых спецыялістаў Ашмянскага раёна павіншавалі са святамі

   У канцы мінулага года для маладых спецыялістаў Ашмянскага раёна гасцінна расчыніла свае дзверы Дзіцячая школа мастацтваў, каб павіншаваць іх з надыходзячымі святамі.
Усяго на святочны агеньчык было запрошана больш за трох дзясяткаў юнакоў і дзяўчат з розных сфер – педагогі, інжынеры, метадысты, лекары, – але ў сілу пэўных прычын і занятасці, на жаль, многія не змаглі сабрацца за салодкім сталом.
   З першым вопытам працы моладзь падчас свята павіншавалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Талочка, першы сакратар Ашмянскай раённай арганізацыі БРСМ Вікторыя Прецкайло-Мисюта і дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Жанна Мажэйка.
   Зразумела, акрамя афіцыйных прамоваў і пажаданняў у адрас маладых спецыялістаў гучала шмат прыгожых слоў, пажаданняў і музычных падарункаў. Моладзі было прапанавана разбіцца на каманды і паўдзельнічаць у вясёлых конкурсах: зрабіць сняжынку без падручных сродкаў, адгадаць мелодыю па першых акордах, станцаваць і прыбраць "жывую" святочную ёлку.
   У канцы, як і належыць, да маладых спецыялістаў выйшаў Дзед Мароз са Снягуркай, каб раздаць падарункі самым вясёлым і актыўным.

АВ