Галоўная / Навiны / Навiны раёна
09.03.2023

На планёрцы ў райвыканкаме: пажарная бяспека, аналіз разгляду зваротаў грамадзян і работы па навядзенні парадку

Акцэнт - на эфектыўнасці

Штотыднёвая нарада з удзелам старшыні райвыканкама пачалася з аналізу аператыўнай абстаноўкі па надзвычайных сітуацыях. Як далажыў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Рагінскі, на мінулым тыдні пажараў зафіксавана не было. З пачатку года на тэрыторыі раёна адбылося два ўзгаранні гаспадарчых пабудоў у сельскай мясцовасці.

У інфармацыі аб рабоце назіральных камісій было адзначана, што прафілактычная работа ў гэтым напрамку ідзе больш актыўна ў параўнанні з мінулым годам – за два месяцы абследавана больш за 2700 домаўладанняў. Амаль усе выяўленыя парушэнні і заўвагі ліквідаваны, астатнія застаюцца на кантролі суб'ектаў прафілактыкі. Распрацаваны графікі абследавання, што дазваляе не выпусціць з-пад увагі ні аднаго домаўладання. Старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын у чарговы раз засяродзіў увагу на эфектыўнасці работы назіральных камісій. Ацяпляльны сезон яшчэ не скончаны, таму пільная ўвага павінна быць звернута на прыватны сектар з пячным ацяпленнем. І датычыцца гэта як дзейнасці сельскіх камісій, так і гарадскіх, адзначыў кіраўнік раёна.

Пачуць і дапамагчы

Аналіз разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, якія паступілі ў райвыканкам, дазваляе не толькі ажыццяўляць кантроль за дадзенай працай, але і выяўляць пытанні, якія больш за ўсё хвалююць жыхароў раёна.

Як адзначыў начальнік аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Віталь Шаверда, за два мінулыя месяцы ў райвыканкам паступіла 26 зваротаў, 4 з іх – калектыўныя. Часцей за ўсё жыхары звярталіся па пытаннях добраўпарадкавання, утрымання вулічнай дарожнай сеткі. Былі таксама звароты, якія тычацца працы жыллёва – камунальнай гаспадаркі, у прыватнасці-службы 115.

Кіраўнік раёна даручыў узмацніць кантроль за работай службы 115, якая заклікана не толькі сачыць за выкананнем заявак, якія паступаюць па лініі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але і эфектыўна ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам.

Уладзіслаў Гершгорын адзначыў, што, нягледзячы на змяншэнне колькасці зваротаў на 11 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, іх колькасць у нашым раёне па-ранейшаму застаецца высокім у разрэзе паказчыка на 1000 чалавек насельніцтва. Не ўсе запыты грамадзян можна задаволіць імгненна, але ўменню размаўляць з людзьмі трэба вучыцца: такт, карэктнасць і прафесійная кампетэнтнасць у зносінах з насельніцтвам – важныя складнікі, якія таксама ўплываюць на колькасць зваротаў, падкрэсліў кіраўнік раёна.

На кантролі

На аператыўнай нарадзе разгледжаны пытанні перадачы месцаў пахавання, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсаветаў, на баланс РУП ЖКГ і прывядзення ў належны эстэтычны стан рэкламных канструкцый у горадзе. Старшыня райвыканкама запатрабаваў узяць на асаблівы кантроль работу па навядзенні парадку на вуліцы Міцкевіча. Матэрыяльная шкода ад пажараў-яшчэ адно пытанне, якое будзе прааналізавана на найбліжэйшай штотыднёвай нарадзе ў райвыканкаме.