Галоўная / Навiны / Навiны раёна
17.02.2021

На планёрцы ў райвыканкаме: Пажарная бяспека, продаж аб'ектаў нерухомасці на аўкцыёнах і ўборка тэрыторыі ў жыллёва-будаўнічых кааператывах

   Штотыднёвая працоўная нарада пачалася з дакладу аб аператыўнай абстаноўцы на тэрыторыі раёна, якую ахарактарызаваў начальнік раённагааддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Горбач.
   За мінулы тыдзень у раёне адбылося два пажары. З-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні тэрмічныя апёкі 1-2 ступені атрымаў жыхар горада. Яшчэ адно ўзгаранне было зафіксавана ў краме аграгарадка Крэйванцы. У выніку пажару знішчаны драўлянае перакрыцце над памяшканнем топачнага і шыферны дах на плошчы 15 кв. метраў. На шчасце, ні маёмасць, ні людзі не пацярпелі.
   Як адзначыў Андрэй Горбач, на тэрыторыі раёна гэта чацвёрты пажар з пачатку года. У рэспубліцы за гэты перыяд адбылося 1093 пажары, загінула 629 чалавек.
   Андрэй Канстанцінавіч нагадаў таксама аб неабходнасці арганізацыі працы па ачыстцы дахаў ад снегу-па дадзеных Ашмянскай метэастанцыі, таўшчыня снежнага покрыва даходзіць да 30 сантыметраў, што пры пачатку адлігі можа ствараць пагрозу бяспецы.
Аб'екты чакаюць гаспадарскай рукі
   З аналізам выканання ў мінулым годзе сацыяльна-эканамічных паказчыкаў выступіў шэраг спецыялістаў. Блок эканомікі прадставіла начальнік аддзела эканомікі Алена Саўрыновіч, якая спынілася на пытаннях продажу аб'ектаў нерухомасці на аўкцыёнах і іх далейшым лёсе.
   Нягледзячы на тое, што пры продажы будынкаў да новых уласнікаў прад'яўляецца шэраг патрабаванняў па ўключэнні іх у гаспадарчы абарот, некаторыя аб'екты гадамі не бачаць гаспадарскай рукі (сядзіба Л. Стругача, будынак былой турыстычнай базы і іншыя). Старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын запатрабаваў арганізаваць належную працу з маёмасцю, узмацніць кантроль за выкананнем тэрмінаў уцягвання аб'ектаў у гаспадарчы абарот.
   Акрамя таго, кіраўнік раёна даручыў аддзелу эканомікі арганізаваць маніторынг цэн, пачаўшы з параўнання іх з узроўнем у іншых раёнах.
   На аператыўнай нарадзе былі прааналізаваныя таксама пытанні сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, выкарыстання бюджэтных сродкаў.
На кантролі
   На аператыўнай нарадзе разглядаліся таксама пытанні функцыянавання УП " Ашмяны-побыт», бягучага і капітальнага рамонту жылога фонду, тэрмінаў рэагавання на звароты грамадзян, уборкі тэрыторыі і месцаў агульнага карыстання ў жыллёва-будаўнічых кааператывах.
   Бо ў беспарадку, на які перыядычна ківаюць жыхары, часцяком вінаватыя яны самі. Для таго, каб патрабаваць аддачы ад камунальнікаў, неабходна заключыць з прадпрыемствам дамову на ўборку. Калі такога няма, жыхары абавязаны самастойна, згодна з графікам, ажыццяўляць ўборку і падтрымліваць парадак у сваім кааператыве. Кіраўнік раёна адзначыў, што наспела неабходнасць правесці сходы ў жыллёва-будаўнічых кааператывах і нагадаць членам ЖБВК аб іх правах і абавязках.

Ашмянскі Веснік