Галоўная / Навiны / Навiны раёна
09.03.2021

Намеснік Міністра прамысловасці сустрэўся з працоўным калектывам Ашмянскага сыраробнага завода

   У рамках адзінага дня інфармавання ў нашым раёне пабываў Аляксандр Агароднікаў, намеснік Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Разам з намеснікам старшыні Ашмянскага райвыканкама Андрэем Клышэўскім ён азнаёміўся з працай Ашмянскага сыраробнага завода і сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства.
   Ён распавёў пра дасягненні дзяржавы ў галіне цяжкай прамысловасці: машынабудавання, станкабудавання, металургіі, высокатэхналагічных вытворчасцяў. Адзначыў, што Міністэрства прамысловасці аб'ядноўвае больш за 220 прадпрыемстваў краіны, на якіх працуюць звыш 158 тысяч нашых грамадзян.  У ведамстве працуюць над пытаннямі, якія спрыяюць ажыўленню рынку. А з улікам таго, што краіна не спыняла працу заводаў ва ўмовах каранавірусных мерапрыемстваў, попыт на беларускую прадукцыю маецца і будзе пасля "каранавіруснага крызісу" высокім.
   Акрамя таго, Аляксандр Агароднікаў праінфармаваў аб інвестыцыйным і эканамічным патэнцыяле Рэспублікі, у тым ліку — аб патэнцыяле СЭЗ «Гроднаінвест», які быў нядаўна прадстаўлены ў Турцыі. Беларускія і турэцкія прамыслоўцы абмяркоўвалі перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне прамысловасці, інвестыцый, навукі і інавацый, стандартызацыі, лагістыкі, інвестыцыйных ідэй па стварэнні турэцкай прамысловай зоны і мультымадальнага цэнтра лагістыкі ў Гродзенскай вобласці, пашырэнню дзелавых кантактаў паміж рэгіёнамі.
   Дыялог прадоўжыўся абмеркаваннем стратэгіі развіцця краіны на 2021-2025 год, якая была пазначаная на Усебеларускім народным сходзе.
   - Безумоўна, тыя прадпрыемствы, якія маюць традыцыі, з'яўляюцца горадаўтваральнымі, маюць эканамічны вынік, даюць магчымасць людзям зарабляць, падтрымлівацца дзяржавай, мадэрнізавацца. А гэта ўсё нясе пэўныя сацыяльныя гарантыі тым людзям, якія працуюць і жывуць на дадзенай тэрыторыі.  Калі праца, якая праведзена на прадпрыемствах з падтрымкай дзяржавы, дае станоўчы вынік, маюцца эканамічныя і сацыяльныя плюсы, то і якасць выпускаемай прадукцыі на вышыні. А гэта ўжо кажа аб тым, што з'явіўся і ўзмацніўся экспартны патэнцыял», — распавёў Аляксандр Агароднікаў. Ён адказаў на пытанні работнікаў прадпрыемства.

Ашмянскі Веснік