Галоўная / Навiны / Навiны раёна
02.12.2022

Пяцьдзясят год сумеснага сямейнага жыцця адзначыла сям’я Прыгодскіх з Гейстунаў

 У гэты куток Ашмяншчыны рэдакцыйны аўтамабіль, на жаль,  накіроўваецца зрэдчас, хаця 30 кіламетраў – не такая і вялікая дарога, што звязвае Ашмяны з Гейстунамі, але ж нагоды для інфармацыі тут няшмат. Сёння аддаленая вёска Барунскага сельсавета з даволі доўгай і адзінай вуліцай налічвае ўсяго 35 жыхароў – у асноўным людзей сталага веку. Тут няма аніякіх сацыяльна-культурных аб’ектаў і выгод, хаця адарванай ад свету яе таксама не назавеш. Некалькі разоў на тыдзень наведваецца рэйсавы аўтобус з райцэнтра, якім можна дабрацца да Барун і горада. Рэгулярна прыязджае аўталаўка – як спажывецкага таварыства, так і прыватная. Згодна з графікам курсіруюць па вясковай вуліцы бібліятэчны і паштовы аўтамабілі.
Многія хаты ў вёсцы зараз пустуюць. Аднак трэба адзначыць, што цікавасць да Гейстунаў праяўляюць нават мінчане – набываюць тут лецішчы. Вядома ж, да мяжы з Мінскай вобласцю тут рукой падаць. Дзеці і ўнукі колішніх жыхароў таксама вяртаюцца ў цёплую пару года з бетонных гарадоў у бацькоўскія гнёзды. Падпраўляюць асірацелыя хаты, добраўпарадкуюць двары, корпаюцца на агародзе. А на зіму вёска ізноў замірае. Рух у ёй запавольваецца – сцішваюць сваю хаду разам з прыродай і месцічы. Работа на зямлі спыняецца, а жыўнасць у сілу ўзросту зараз мала хто трымае. На ўсю вёску – шэсць кароў (у двух гаспадароў) і конь!
Некалькі год назад гучна, з прыездам шматлікіх гасцей з раёна, у Гейстунах адзначалі стогадовы юбілей шаноўнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Іосіфавіча Прыгодскага – сціплага вясковага рупліўца, усёй душой адданага роднаму краю. Пражыў ён на гэтай зямлі сто адзін год.
Зараз наш шлях ляжыць таксама да Прыгодскіх – Станіслава Віктаравіча і Генавэфы Эдуардаўны. Як аказалася, радні ветэрана. І нагода ў нас не менш важная – пяцьдзясят год сумеснага сямейнага жыцця. Разам з намі, каб павіншаваць сямейную пару з залатым юбілеем, едуць начальнік ЗАГСа Ашмянскага райвыканкама Іна Пад’ельская і выконваючы абавязкі старшыні Барунскага сельвыканкама Алег Васілеўскі.
Невялікая звонку хата Прыгодскіх аказалася на дзіва прасторнай унутры. У ёй Станіслаў Віктаравіч нарадзіўся. Сюды прывёў маладую жонку і ўвішную гаспадыню. Тут нарадзіліся Іван і Тарэса, якія зараз жывуць у Барунах. Гэту пабудову Станіслаў увесь час даводзіў да ладу, самастойна майстраваў печкі. Трэба адзначыць, што пячнік Прыгодскі адмысловы. Калісьці гэту навуку спасцігаў ён у Юлія Мянжынскага, з якім працаваў у дзіцячым доме ў Карлаўшчыне. Сакрэтамі пячнога майстэрства дзяліўся са Станіславам і матчын брат Серафім Яковіч. Так год за годам прыходзілі да кемлівага хлопца вопыт і ўпэўненасць у сваіх здольнасцях. Пачынаючы з 1964 года, Станіслаў Віктаравіч зрабіў наноў і перарабіў не адну сотню печаў рознай канструкцыі, аб’ехаў з заказамі не толькі ўсю Беларусь, але і частку Літвы. Яму ўжо і чарцяжы не патрэбны – будучы ацяпляльны агрэгат пячнік вырысоўвае ў галаве і адразу ж бачыць, дзе яго ў памяшканні лепш размясціць. Залатыя рукі майстра і зараз карыстаюцца попытам, але цяпер ён далёка не ездзіць – толькі па сваім раёне. Аб адным шкадуе Прыгодскі – што так і не знайшоў вучня, якому можна было б перадаць сваё майстэрства.
Выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Алег Васілеўскі падзякаваў Станіславу Прыгодскаму за актыўную грамадзянскую пазіцыю і працавітасць і пажадаў залатым юбілярам заставацца прыкладам сямейнага дабрабыту і ладу для сваіх родных.
Начальнік аддзела ЗАГС Іна Пад’ельская заклікала Станіслава Віктаравіча і Генавэфу Эдуардаўну берагчы і цаніць сямейнае шчасце, і перадаваць сакрэты моцнай і дружнай сям’і сваім унукам і праўнукам. Па традыцыі віноўнікі ўрачыстасці пакінулі свае подпісы ў кнізе юбіляраў Ашмянскага раёна.
Урачысты вечар у хаце Прыгодскіх быў напоўнены ўспамінамі. За пяцьдзясят год сумеснага жыцця шмат выпрабаванняў прыйшлося пераадолець сямейнай пары. І трэба прызнацца, усе жыццёвыя нягоды яны прайшлі годна, ні разу не пашкадаваўшы аб тым, што вырашылі калісьці “быць разам у горы і радасці”. Разам яны былі і на працы. Пазнаёміліся маладыя ў дзіцячым доме ў Карлаўшчыне, дзе Генавэфа працавала на кухні, а Станіслаў уладкаваўся пасля заканчэння Воранаўскага СПТВ электрыкам. Больш за 30 год працоўнага жыцця Генавэфы Эдуардаўны звязаны з гравійна-сартавальным заводам. Свой працоўны след пакінуў тут і Станіслаў Віктаравіч. Аддана працаваў ён затым лесніком у Гальшанскім лясніцтве. Рабіў нарыхтоўкі кары, ягад рабіны, яблыкаў, лекавых траў. Толькі лапніку елкі трэба было сабраць у квартал чатыры тоны! На дапамогу заўсёды прыходзілі школьнікі. Падключалася да выканання даведзенага плану і сям’я. А каб жыццё не здавалася шэрым і будзённым, Станіслаў браў у рукі акардэон. Іграць ён навучыўся самастойна, ды так добра, што з сябрамі хадзіў нават па вяселлях.
Сёння музычны інструмент стаіць без справы – пасля перанесенай хваробы не ходзяць спрытна пальцы. Аднак музыка-слухач не губляе надзеі, што акардэонам зацікавяцца ўнукі і праўнукі. Творчыя здольнасці ў іх ёсць – на генным узроўні перадаліся ад таленавітага дзядулі.