Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.05.2023

У Ашмянах ушаноўвалі работнікаў фізічнай культуры і спорту

Трэцяя субота мая-асаблівы дзень для работнікаў фізічнай культуры і спорту, бо менавіта ў гэты дзень яны адзначаюць сваё прафесійнае свята. Трэнеры, настаўнікі, спартсмены – гэтыя людзі з'яўляюцца прадаўжальнікамі спартыўных традыцый нашай краіны. У Ашмянскім раёне фізічнай культуры і спорту надаецца асаблівая ўвага: нашы спартсмены ўдзельнічаюць у спаборніцтвах рознага ўзроўню, дзе паказваюць добрыя вынікі.

Напярэдадні прафесійнага свята прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту. З віншавальным словам да калектыву і ўсім, хто быў запрошаны на мерапрыемства, звярнулася загадчыца сектара спорту і турызму Жанна Шыдлоўская. Яна падзякавала метадыстаў і выкладчыкаў за штодзённую самаадданую працу, пажадала цярпення, энтузіязму і сіл для новых здзяйсненняў. Жанна Іванаўна адзначыла, што спорт з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у Рэспубліцы Беларусь, бо фізкультура і спорт умацоўваюць здароўе насельніцтва, выхоўваюць самадысцыпліну, загартоўваюць чалавека фізічна і духоўна. Музычныя нумары работнікам фізічнай культуры і спорту дарылі артысты Ашмянскага раённага цэнтра культуры.

Прыемным момантам стала ўзнагароджанне лепшых спартсменаў, трэнераў, выкладчыкаў, а таксама прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія прымаюць актыўны ўдзел у спаборніцтвах, спартыўных мерапрыемствах і святах. За актыўную працу, ініцыятыву, крэатыўны падыход і ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту былі ўзнагароджаны Віктар Галамбоўскі, Мікалай зубцоў, Сяргей Матус, Людміла Осцік, Барыс Посахаў, Аляксандр Клушэўскі, Анатоль Шыдлоўскі.

Радуе і тое, што ўстановы адукацыі нашага раёна папоўніліся маладымі выкладчыкамі фізічнай культуры. Пад кіраўніцтвам маладых педагогаў школьнікі ўжо паспелі дабіцца першых вынікаў. Многія педагогі былі адзначаны падзячнымі лістамі.

Вопытныя інструктары, выкладчыкі, метадысты – гэтыя людзі штодня робяць сваю працу якасна і добра. Іх праца таксама была адзначана і высока ацэнена.