Галоўная / Навiны / Навiны раёна
28.11.2022

У Ашмянскім раёне прайшло пацвярджэнне званняў “Народны” і “Узорны” мастацкімі калектывамі ўстаноў культуры і адукацыі

 Званне “народны” ў чарговы раз пацвердзіў драматычны тэатр Ашмянскага раённага цэнтра культуры (рэжысёр Андрэй Кузьменка). Званне “Узорны” пацвердзілі калектывы тэатра танца “Эфект” СШ № 1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага (кіраўнік Неллі Розель) і харавы калектыў “Тоніка” СШ № 3 г. Ашмяны (кіраўнік Лілія Эмір). Усе пералічаныя калектывы добра вядомы ашмянцам сваімі яскравымі выступленнямі.  У чарговы раз яны пераканалі і камісію ў сваім прафесіяналізме і адпаведнасці высокім званням. Ацэньвалі  творчыя дасягненні ашмянскіх творчых калектываў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык, дырэктар Гродзенскага абласнога  метадычнага цэнтра народнай творчасці Екацярына Хільмончык, вядучы метадыст  па вакальна-харавым жанры абласнога  метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Верабей, харэограф-пастаноўшчык Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Юлія Басякова.
Высока ацанілі члены атэстацыйнай камісіі фрагмент пастаноўкі па аповесці Барыса Васільева “А досвіткі тут ціхія” ў выкананні народнага тэатра раённага цэнтра культуры. Былі адзначаны актуальнасць тэматыкі, прафесійная ігра акцёраў Андрэя Кузьменкі, Наталлі Лукашэвіч, Аліны Кеды, Вольгі Барысенкі-Рабко, Валянціны Горыд, Алёны Скібы, Святланы Федаровіч, бездакорнае выкананне дэкарацый і падбор касцюмаў да спектакля.
Кульмінацыяй дня стала яскравае і дынамічнае выступленне ансамбля цымбалістаў “Перазвон” сярэдняй школы № 3 г. Ашмяны (кіраўнік Алена Козар). Мелодыя цымбал пераліваецца, гучыць то ціха, то мацней,  хутка бегаюць па струнах малаточкі ў спрытных і ўмелых руках музыкантаў, народныя мелодыі змяняюцца класічнымі творамі і нават джазавымі кампазіцыямі.
Віртуознае і бездакорнае выкананне ўдзельнікамі ансамбля тэхнічна складаных музычных твораў розных эпох, стыляў і жанраў не магло не вызваць пачуцця захаплення і павагі. На суд гледача і камісіі былі прапанаваны кампазіцыі ў выкананні салістаў, дуэтаў, квартэтаў, малодшай і старэйшай груп.
Ансамбль “Перазвон” мэтанакіравана ішоў да атрымання звання “Узорны” на працягу дзесяці год. Створаны ў 2012 годзе , калектыў змяніў  ужо не адзін састаў музыкантаў. Але пад нязменным кіраўніцтвам Алены Станіславаўны “Перазвон” заўсёды быў сярод пераможцаў самых розных конкурсаў – ад рэгіянальных да міжнародных. Індывідуальны падыход да кожнага вучня, высокі прафесіяналізм, бездакорнае пачуццё густу, пастаянны творчы пошук, высокая адказнасць і патрабавальнасць да сябе вызначаюць работу настаўніка і дапамагаюць дабівацца значных перамог.
З’яўленне ў СШ № 3 і Ашмянскім раёне  яшчэ аднаго ўзорнага калектыву — не толькі вынік вялікай працы ўдзельнікаў ансамбля, яго кіраўніка, канцэртмайстараў, адміністрацыі школы, але і вялікая адказнасць. Уперадзе – новыя перамогі ў новай якасці.