Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.08.2020

У КСУП «Гальшаны» ушаноўвалі камбайнераў-лідэраў

   Яшчэ на мінулым тыдні ў Гальшанах на жніве ўшаноўвалі першы экіпаж-тысячнік.
   Камбайнеры Пётр Познанскі і Іван Базык узялі знакавую мяжу, намалаціўшы з пачатку жніва тысячу тон збожжа. Далей тысячнікі ў гаспадарцы пайшлі адзін за адным. Услед за экіпажам Пятра Познанскага і Івана Базыка планку пераадолелі Аляксандр Сасноўскі і яго памочнік Іван Битель. У ганаровым коле лідараў яшчэ адзін экіпаж у складзе камбайнераў Алега Чымбора і яго памочніка Віталя Бунара. На полі каля вёскі Норшты ў разгар абедзеннага перапынку чарговых перадавікоў, пераможцаў абласных спаборніцтваў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур ураджаю бягучага года, ушаноўвалі старшыня Ашмянскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай і кіраўніцтва гаспадаркі. Дыпломы абласнога галіновага прафсаюза, грашовыя прэміі, падзякі за паспяховую працу, адказнасць, праяўленую падчас уборкі збожжавых, атрымалі Аляксандар Сасноўскі І Іван Битель, Алег Чимбор і Віталь Бунар. Камбайнеры-лідэры ўжо пераадолелі тысячны рубеж па намалоце збожжа і паспяхова выйшлі на другі круг. Улічваючы, што ў гаспадарцы яшчэ працягваецца жніво, у кожнага з іх ёсць магчымасць намалаціць не адну тысячу тон. Сее-хто з хлебаробаў КСУП «Гальшаны» сур'езна мае намер скарыць і двухтысячны рубеж. Галоўная ўмова-абмалаціць хлеб якасна. Ад гэтага наўпрост залежыць памер прэміяльных у кожнага ўдзельніка страды.
   У гаспадарцы на раніцу 13 жніўня намалот склаў звыш 10,5 тысячы тон збожжа пры ўраджайнасці 56,6 цэнтнера з гектара на круг (ураджайнасць па раёне — 35). Аднак, паводле слоў спецыялістаў, аб канчатковых выніках гаварыць рана: ураджай сабраны з 1860 гектараў плошчаў, яшчэ трэба будзе ўбраць больш за 30 працэнтаў. Безумоўна, гаспадарка разлічвае павялічыць паказчыкі, лепшыя палі яшчэ не прыбраныя. Кожны вынік-вынік гадавой працы ўсіх: ад паляводаў да спецыялістаў і кіраўнікоў. Зараз паўплываць на Колас, зрабіць яго больш цяжкім, ураджайным немагчыма. А верагоднасць страт існуе, да прыкладу, па віне надвор'я: град можа выбіць збожжа, моцны вецер-пакласці каласы.... Таму тут мабілізуюць усе сілы, каб убраць ураджай якасна і ў тэрмін.

"Ашмянскі Веснік"