Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.05.2021

Ветэраны і вязні фашысцкіх лагераў прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна

   НАПЯРЭДАДНІ светлага свята-Дня Перамогі-у Ашмянскім раёне прайшла патрыятычная акцыя " Дзякуй за перамогу!». Ветэраны вайны і малалетнія вязні фашысцкіх лагераў прымалі віншаванні ад прадстаўнікоў мясцовай улады на чале са старшынёй райвыканкама Уладзіславам Гершгорыным, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Квяткевічам, намеснікам старшыні райвыканкама Наталляй Станкевіч.
   Чым далей час аддаляе нас ад 9 Мая 1945 года, тым менш застаецца іх-удзельнікаў і жывых сведак Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ў Ашмянскім раёне пражывае чатыры ветэраны: Таццяна Мягкова, Станіслаў Бралкоўскі, Уладзімір Лашкевіч, Казімір Заблоцкі і трое вязняў фашысцкіх лагераў: Васіль Жаўняк, Уладзімір Лошкоўскі, Марыя Селядцова. Іх галоўнае пажаданне для нашчадкаў — захоўваць мір, памятаць, якой вялікай цаной дасталася нам Перамога. Толькі выконваючы гэты загад, мы можам і далей жыць у свабоднай і незалежнай краіне.
   Падзяку за мужнасць і мірнае неба, добрасумленную працу ў пасляваенныя гады, а таксама шматлікія падарункі ветэраны прымалі і ад раённага Савета ветэранаў, ваеннага камісарыята, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыняў сельвыканкамаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзных арганізацый.
   Разам з падарункамі і кветкамі ветэраны вайны атрымалі нешта большае: увагу і клопат, пачуццё шчырай удзячнасці і падзякі за ўклад у Вялікую Перамогу.
   Свой музычны падарунак ветэранам і вязням адрасавалі работнікі культуры, якія выканалі такія дарагія для іх кампазіцыі — мелодыі ваенных гадоў. А саграваць сэрцы будуць паштоўкі і фатаграфіі, зробленыя на фоне ваеннай машыны-УАЗа-69, якая нагадала ветэранам аб іх маладосці.

Ашмянскі Веснік