Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.10.2023

Восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш прайшоў у Ашмянах

Традыцыйны восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш у чарговы раз паклікаў ашмянцаў за пакупкамі. Той, хто не паспеў зрабіць запасы на зіму два тыдні назад, не прагадаў. Цэна на шэраг сельгаспрадукцыі зменшыліся.

Таварам нумар адзін у гэты раз стала капуста. Нягледзячы на тое, што яе было вельмі шмат – і ўсе качаны адборныя, кожны другі пакупнік прыйшоў на кірмаш менавіта за гэтай агароднінай. Кошт яе вагаўся ад 50 да 85 капеек за кілаграм. Але калі ўмець таргавацца, то гандляры спускалі цану і да 40 капеек.

Бойка ішоў торг у гасцей са Столінскага раёна. Разам з капустай Сяргей і Ніна прапаноўвалі цыбулю і моркву. Грэцкія арэхі са свайго саду каштавалі ўсяго 7 рублёў за кілаграм. Хаця на кірмашы можна было сустрэць арэхі і па 12 рублёў. За хатнюю разварыстую бульбу “Першацвет” Сяргей прасіў 50 капеек. Гэты не так даўно выведзены беларускімі селекцыянерамі гатунак адрозніваецца высокай ураджайнасцю і выдатнымі смакавымі якасцямі, а таксама добра захоўваецца.

Каму такі кошт быў высокім, можна было купіць бульбу ўдвая танней – па 25 капеек. Сельгасарганізацыі Ашмянскага раёна, Ашмянскі філіял аблспажыўтаварыства, фермерскія гаспадаркі і звычайныя гаспадары, якія, хацелі збыць лішкі свайго ўраджаю – кожны мог выбраць як прадаўца, так і старгавацца па цане.

Чарга стаяла  каля палатак з хатнімі далікатэсамі – салёным і вэнджаным салам, каўбасой і паляндвіцай. Салёнае сала каштавала 23 рублі, а вэнджанае было крыху даражэй.

Грыбнікі прынеслі на продаж апошнія дары лесу – крамяныя баравічкі, падзялёнкі, курачкі, маслякі. За кучку белых грыбоў хацелі 15 рублёў.

У скверы бойка ішоў гандаль мужчынскімі і жаночымі шапкамі, шалікамі і пальчаткамі. Гэтыя аксесуары былі на любы густ і кошт. Прапаноўвалі гандляры бялізну, пасцельныя камплекты, біжутэрыю, сувеніры, кашалькі і партмане, жаночыя сумачкі.

Куплялі ашмянцы цукеркі і пернікі ручной работы, халву, сухафрукты і прыправы.

Работнікі ўстаноў культуры Ашмянскага раённага цэнтра культуры заклікалі не шкадаваць грошай. Іх заліхвацкія мелодыі разляталіся па наваколлі.