Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.08.2020

Выдадзены дазвол на права загрузкі штатнай актыўнай зоны рэактара № 1 Беларускай АЭС

   Сёння калегіяй Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб унясенні дапаўнення ў ліцэнзію ГП "Беларуская АЭС" на права ажыццяўлення дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі, які дазваляе выканаць першую загрузку штатнай актыўнай зоны рэактара энергаблока № 1 Беларускай АЭС. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржатамнагляду.
   Дадзенае рашэнне грунтуецца на заключэнні Дзяржатамнагляду, які ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам разгледзеў вынікі экспертызы дакументаў, якія абгрунтоўваюць бяспеку, і правёў мэтавую праверку гатоўнасці Беларускай АЭС выканаць заяўленую дзейнасць.
   Як паведамлялася раней, у адпаведнасці з пастановай МНС Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 2020 г. № 32 рэгулюючы орган будзе паслядоўна і з улікам гатоўнасці Беларускай АЭС ажыццяўляць выдачу дазволаў для этапаў уводу ў эксплуатацыю энергаблока № 1 Беларускай АЭС: першая загрузка штатнай актыўнай зоны, выпрабаванні ў падкрытычным стане рэактарнай устаноўкі, выкананне фізічных эксперыментаў на мінімальна кантраляваным узроўні, энергетычны пуск і доследна-прамысловая эксплуатацыя.
   Пасля завяршэння пералічаных этапаў будзе разгледжана пытанне аб выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю энергаблока № 1, якая выдаецца да пачатку працы Дзяржаўнай камісіі па прыёмцы ў эксплуатацыю закончанага будаўніцтвам аб'екта. У адпаведнасці з бягучымі графікамі работ і агучанай раней інфармацыяй, выхад на этап эксплуатацыі энергаблока № 1 Беларускай АЭС чакаецца ў 1 квартале 2021 года.

"Ашмянскі Веснік"