Адыйшоў ў мінулае той час, калі мы слалі адзін аднаму навагоднія і калядныя віншавальныя паштоўкі. Але ў памяці засталіся ўспаміны ад радасці, з якой кожны з нас зазіраў у паштовую скрыню і чакаў кавалачак кардона, які, здавалася, нават пах Новым годам.
Напамінам пра традыцыю віншаваць адзін аднаго паштоўкамі стала мерапрыемства “Папяровы цуд”, якое адбылося ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф.К. Багушэвіча 15 снежня.
Гісторыя навагодняй паштоўкі, традыцыі святкавання Новага года і Ражджаства, знаёмства з персанажамі, якія сталі прататыпамі сучаснага Дзеда Мароза – з усім гэтым пазнаёміліся жыхары Ашмян, а таксама навучэнцы сярэдніх школ № 1 і № 3 нашага горада.
Галоўнымі ж гасцямі мерапрыемства сталі ўладальнікі калекцый святочных паштовак: Іван Мечыслававіч Буйко і Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна, якія ў рамках праекта “Тыдзень калекцыянера” прадставілі свае зборы на музейнай выстаўцы “Вестачка да свята”. Жыхар горада Іўе Іван Буйко ўжо больш за 30 год збірае і выстаўляе разнастайныя прадметы даўніны, для Ашмянскага музея ён спецыяльна адабраў польскія паштоўкі да Ражджаства Хрыстова. Валянціна Лабуніна, вядомы краязнаўца, фатограф і грамадскі дзеяч аграгарадка Гальшаны, зрабіла навагодні падарунак краязнаўчаму музею ў Ашмянах, перадаўшы ў яго фонды 400 навагодніх паштовак савецкага часу.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх прысутных стала сустрэча з самым папулярным навагоднім персанажам – Дзедам Марозам. Апошні павіншаваў гасцей мерапрыемства з надыходзячымі святамі, правёў конкурс, ды традыцыйна зрабіў салодкія падарункі. Завяршылася сустрэча ў музеі музычным нумарам ў выкананні Марыі Горыд.
І хаця мерапрыемства доўжылася больш за гадзіну, госці яшчэ доўга не маглі разысціся, абменьваліся меркаваннямі і пакідалі адзін аднаму кантакты для далейшых сустрэч.