Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
24.11.2020

У дзень крадуць звыш 7000 рублёў. У Гродзенскай вобласці зноў актывізаваліся інтэрнэт-ашуканцы

   Злачынствы ў IT-сферы працягваюцца. У сувязі з развіццём цыфравізацыі ашуканцы прыдумляюць новыя схемы "разводу" даверлівых грамадзян. У катэгорыі уразлівых грамадзян у першую чаргу аказваюцца пажылыя людзі.
   Як распавялі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама, зараз зноў набірае папулярнасць схема званкоў са службы падтрымкі.
   - Ашуканцы выкарыстоўваюць праграмы для змены нумара, у выніку званок паступае нібыта са службы тэхнічнай падтрымкі банка. Уладальніку карты паведамляюць, што з яго карт-рахунку была зафіксавана спроба зняцця грошай. Але ўсе паспелі заўважыць, і сродкі пераведзеныя на рэзервовы рахунак. Але там яны доўга захоўвацца не могуць, таму іх трэба тэрмінова вярнуць назад на карту. Для гэтага той, хто тэлефанаваў, просіць паведаміць усе неабходныя рэквізіты – - распавялі ва УУС аблвыканкама.
   Па такой схеме "разводу" за лістапад ашуканцы выманілі ў жыхароў Гродзенскай вобласці звыш 160 000 беларускіх рублёў. Зафіксавана 248 выпадкаў інтэрнэт-махлярства.
   Праваахоўнікі нагадваюць, што рэквізіты банкаўскай карты ні ў якім разе нельга паведамляць. Дарэчы, варта памятаць, што супрацоўнікі банка не маюць права пазнаваць інфармацыю, якая тычыцца рэквізітаў плацежнай карты грамадзян.
   Па ўсіх выпадках праваахоўнікамі праводзіцца праверка.

Служба інфармацыі "ГП"