Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
08.07.2020

Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць у пяці раёнах Беларусі

   Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць у пяці раёнах Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, паведамляе БЕЛТА.
   Наведванне лесу часова абмежаванае ў Кастрычніцкім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці, Бярэзінскім раёне Мінскай, а таксама Ашмянскім і Лідскім раёнах Гродзенскай вобласці.
   Рашэнні аб увядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Абмежаванні ўводзяцца ў выпадку высокага класа пажарнай небяспекі і здымаюцца пры стабілізацыі становішча. Галоўная мэта забаронаў-забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць іх маёмасці, а таксама ляснога фонду.
   На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана Інтэрактыўная карта забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна аператыўна адсачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы. Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках альбо забароны на іх наведванне без прычынення шкоды цягне, згодна з арт. 15. 29 КаАП, папярэджанне або штраф да 25 базавых велічынь (1 БВ - Br27).
   У лясгасах налічваецца звыш 250 пажарна-хімічных станцый, больш за 660 пунктаў супрацьпажарнага інвентара, якія ўкамплектаваныя неабходнымі сродкамі пажаратушэння. Створана сетка з больш чым 650 пажарна-назіральных вышак і мачтаў, з якіх амаль 600 абсталяваны сродкамі відэаназірання за лясным фондам.