Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.08.2021

Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ па Афганістане

   У цэнтры ўвагі сітуацыя ў Афганістане і яе ўплыў на бяспеку членаў АДКБ.
   Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, прысвечанай сітуацыі ў Афганістане. Мерапрыемства праводзіцца ў рэжыме відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
   У цэнтры ўвагі лідараў краін АДКБ сітуацыя ў Афганістане і яе ўплыў на бяспеку дзяржаў-членаў АДКБ. Сесія праходзіць пад старшынствам Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмона.
   Разам з Кіраўніком беларускай дзяржавы ў відэасаміце ад Беларусі прымаюць удзел Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч, міністр замежных спраў Уладзімір Макей і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл-першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч. Як удакладняе Telegram-канал "Пул першага", міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Маскве.
   Мерапрыемства праводзіцца па ініцыятыве Расіі. Акрамя лідараў краін АДКБ удзел у саміце прымае і Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.
   Як паведамлялася БЕЛТА, 16 жніўня быў апублікаваны каментар Генеральнага сакратара АДКБ Станіслава Зася ў сувязі з рэзкім змяненнем сітуацыі ў Афганістане. "Імклівы наступ руху "Талібан", пераход пад яго кантроль асноўнай часткі тэрыторыі Афганістана, уключаючы дзяржаўныя межы і сталіцу-горад Кабул, а таксама фактычная змена ўлады ў краіне, істотна ўплываюць на абстаноўку ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне калектыўнай бяспекі АДКБ і выклікаюць глыбокую занепакоенасць", - адзначалася ў ім.
   У АДКБ ўважліва адсочваюць развіццё сітуацыі на таджыкска-афганскай мяжы. Галоўнай мэтай арганізацыі ў цяперашніх умовах застаецца забеспячэнне бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ. Прыярытэт у дзейнасці арганізацыі пры гэтым па-ранейшаму аддаецца палітыка-дыпламатычным сродкам.
   Як заяўляў Станіслаў Зась, у выпадку абвастрэння абстаноўкі і пагрозы бяспекі Рэспублікі Таджыкістан для аказання дапамогі саюзніку будуць прыняты ўсе неабходныя калектыўныя меры, прадугледжаныя статутнымі дакументамі. Разам з тым на той момант заяўлялася аб поўным кантролі таджыкскімі сілавымі структурамі абстаноўкі на мяжы з Афганістанам і адсутнасці неабходнасці ў задзейнічанні механізмаў АДКБ.
   Ужо пачалася непасрэдная падрыхтоўка да вучэнняў Калектыўных сіл АДКБ, якія ў бліжэйшыя месяцы пройдуць паблізу таджыкска-афганскай мяжы.
   Чакаецца, што сітуацыя вакол Афганістана таксама будзе адным з галоўных пытанняў абмеркавання падчас маючай адбыцца сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая адбудзецца ў сярэдзіне верасня ў сталіцы Таджыкістана - горадзе Душанбэ.
   Савет калектыўнай бяспекі ў адпаведнасці з артыкулам 13 Статута АДКБ з'яўляецца вышэйшым органам арганізацыі. Савет разглядае прынцыповыя пытанні дзейнасці арганізацыі і прымае рашэнні, накіраваныя на рэалізацыю яе мэтаў і задач, а таксама забяспечвае каардынацыю і сумесную дзейнасць дзяржаў-членаў для рэалізацыі гэтых мэтаў. У склад савета ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў-членаў. У пасяджэннях савета могуць прымаць удзел міністры замежных спраў, міністры абароны, сакратары саветаў бяспекі дзяржаў-членаў, Генеральны сакратар арганізацыі, паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў-членаў пры арганізацыі і запрошаныя асобы.