Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
31.03.2020

БТЧК запускае тэлефонную лінію для падтрымкі адзінокіх пажылых людзей

   Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа запускае тэлефонную лінію 201 для псіхасацыяльнай падтрымкі адзінокіх пажылых людзей, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе арганізацыі.
   Ініцыятыву БТЧК падтрымала дабрачынная платформа імёны. На шматканальную тэлефонную лінію змогуць тэлефанаваць адзінокія пажылыя людзі, якія апынуліся ў вымушанай ізаляцыі.
   На лініі будуць дзяжурыць валанцёры БТЧК. "Яны акажуць пажылым людзям псіхасацыяльную падтрымку-выслухаюць, адкажуць на ўсе пытанні, супакояць. А калі чалавеку патрэбна будзе канкрэтная дапамога, падкажуць, да якіх кампетэнтных службаў варта за ёй звярнуцца", - распавялі ў БТЧК.
   На працягу тыдня лінія 201 будзе працаваць у тэставым рэжыме з 9.00 да 18.00. Плануецца, што за гэты час званкі з усіх мабільных аператараў стануць бясплатнымі. Цяпер з гэтай нагоды вядуцца перамовы.

БелТА