Стань бачным – будзь у бяспецы!

   Нягледзячы на тое, якая праводзіцца органамі ўнутраных спраў праца па павышэнні ўзроўню абароненасці насельніцтва ад дарожна-транспартнага траўматызму, абстаноўка на дарогах краіны застаецца складанай.
   У студзені-верасні 2017 г. на тэрыторыі рэспублікі з удзелам пешаходаў здзейснена 705 ДТЗ, у якіх 137 чалавек загінулі і 608 атрымалі траўмы. Толькі ў верасні 26 з 32 загінулых у ДТЗ пешаходаў атрымалі смяротныя траўмы ў цёмны час сутак.
   У мэтах мінімізацыі негатыўных сезонных праяў у сферы бяспекі дарожнага руху, папулярызацыі выкарыстання святловяртальных элементаў і камізэлек павышанай бачнасці ў цёмны час сутак, з 16 па 26 кастрычніка Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Час стаць больш заўважным!» У ходзе правядзення гэтага мерапрыемства асабовы склад дарожна-патрульнай службы надасць асаблівую ўвагу аварыйна-небяспечным пешаходным пераходам і месцам масавага збору людзей. Супрацоўнікі будуць кантраляваць наяўнасць святловяртальных элементаў у пешаходаў, якія перасоўваюцца ў цёмны час сутак. У навучальных установах і на прадпрыемствах інспектары ДАІ правядуць гутаркі па папярэджанні парушэнняў ПДР пешаходамі. Узмоцнены кантроль – на пешаходных пераходах. Інспектары прасочаць, ці саступаюць дарогу вадзіцелі  і ці ідуць па правілах самі пешаходы.
   Паважаныя вадзіцелі, пастаянна памятайце аб магчымасці раптоўнага з'яўлення пешахода на праезнай частцы, асабліва ў цёмны час сутак  на загарадных дарогах. Пешаходам жа неабходна ведаць, што лепш саступіць дарогу вадзіцелю і страціць хвіліну, чым усведамляючы ўласную правату ісці пад колы і страціць жыцце ці здароўе.
    Пры знаходжанні на дарозе пешаходаў, паводзіны якіх небяспечныя, у нецвярозым стане, для прыняцця мер па выдаленні іх ад праезнай часткі вадзіцелі могуць патэлефанаваць у дзяжурную частку Ашмянскага РАУС па тэл. 44542, GSM +37529 3531442 або па тэл. 102.