У Ашмянскім раёне рэалізуецца міжнародны праект YES!
15.12.2025
Імкненне моладзі ў буйныя гарады можа прывесці да стагнацыі рэгіёнаў. Прадухіліць гэту праблему прызваны шэраг мер, якія прымае дзяржава: гарантаванае першае працоўнае месца, льготныя крэдыты для маладых спецыялістаў, дадатковыя выплаты…
Скіраваць намаганні моладзі на працаўладкаванне, на пераўтварэнне асабістых ідэй у жыццё, навучыць зарабляць грошы і, тым самым, павысіць узровень якасці жыццядзейнасці ў сельскай мясцовасці – такую мэту ставіць міжнародны праект YES!, удзел у рэалізацыі якога прыме Ашмяншчына.
Праект “Скарачэнне беднасці шляхам працаўладкавання сацыяльна неабароненай моладзі ў менш развітых рэгіёнах Беларусі” рэалізуецца Карытас Беларусь па ўсёй рэспубліцы пры падтрымцы Renovabis (Германія) і Caritas Linz (Аўстрыя) з мэтай павышэння ўзроўню жыцця маладых людзей Беларусі ва ўзросце 18-35 гадоў, якія патрабуюць падтрымкі.
Як расказала падчас семінара менеджэр праекта Наталля Вішнеўская, працягвацца ён будзе больш за два гады пры непасрэдным удзеле Карытас Гродна і падрымцы прадстаўнікоў мясцовай улады. Партнёрскія ўзаемаадносіны ў межах праекта будуць пашырацца ва ўмовах развіцця стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і пашырэння ініцыятывы па падтрымцы вытворчай дзейнасці, стварэння рабочых месцаў і падтрымцы прадпрымальніцтва.
У хуткім часе ў Ашмянах будзе адкрыты Рэгіянальны цэнтр развіцця сацыяльна-арыентаванага мясцовага прадпрымальніцтва, які стане кансультацыйным цэнтрам для моладзі па падтрымцы ў галіне камерцыйнай дзейнасці. Спецыялісты шырокага профілю змогуць правесці кансультацыі, даць парады, дапамагчы з афармленнем дакументацыі. Маладыя людзі змогуць адказаць на пытанні, ці гатовыя яны да адкрыцця ўласнай справы, ці здольныя справіцца з тым ці іншым накірункам.
Падчас семінара, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, прадстаўнікі зацікаўленых сфер – адукацыі, сацыяльнай абароны, работы з моладдзю, а таксама партнёра праекта – супрацоўнікаў Белаграпрамбанка, было адзначана, што плануецца прыцягнуць да праекта звыш 100 жадаючых маладых людзей з Ашмянскага раёна, якія пройдуць бясплатнае навучанне па адукацыйных праграмах.
Зусім хутка распачнецца арганізацыя груп моладзі для навучання, якое плануецца праводзіць з 2021 года.
АВ