У Ашмянскім раёне рыхтуюць тэхніку да пасяўной
06.02.2025
Да 1 сакавіка на Ашмяншчыне павінна быць падрыхтавана да пасяўной уся сельскагаспадарчая тэхніка. Часу на разварушванне няма. Рамонтныя работы вядуцца ва ўсіх гаспадарках. Механізатары вырабляюць замену зношаных вузлоў і дэталяў.
- Зразумела, што расслабляцца не варта. Лік ідзе на дні, - падкрэсліў начальнік райсельгасхарча Андрэй Гардзей на аператыўнай нарадзе з работнікамі галіны. - Вясна не за гарамі. У рамонце цяпер павінны быць прычапныя і навясныя агрэгаты, плугі, дыскавыя бароны, дыскаватары, культыватары і іншая пасяўная тэхніка.
Спецыялісты райсельгасхарча штодня наведваюць мехмайстэрні. Бачаць працу механізатараў. Імкнуцца падтрымаць іх і словам, і справай. У цэлым па раёне агульная гатоўнасць тэхнікі складае 79,7 працэнта. Для падрыхтоўкі тэхнікі да пасяўной кампаніі з абласнога бюджэту выдзелена 280 тысяч рублёў, з раённага — 200 тысяч.
Кожны, хто працуе на зямлі, разумее, што ад спраўнасці тэхнікі шмат у чым залежыць і будучы ўраджай. У гэтым упэўненыя механізатары, бо яны імкнуцца для сябе, укладваючы сілы ў рамонт, а як інакш? Спадзяюцца, што і аддача ад зямлі іх парадуе.
Дапамагае аграрыям і ААТ "Аграпрамтэхніка". Тут рамантуюць тэхніку любой складанасці, аказваюць транспартныя паслугі. Нікому ў дапамозе не адмаўляюць.
Начальнік райсельгасхарча Андрэй Гардзей запатрабаваў паскорыць рамонтныя работы ў гаспадарках, упор неабходна зрабіць на падрыхтоўку і адладку глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Доля гатоўнасці ў гаспадарак па розных відах тэхнікі розная. Паскорыцца рэкамендавана КСУП "Прыгранічны", "Кракоўка", СУП "Аграмалрай".