Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

У Ашмянах прайшоў чарговы сельскагаспадарчы кірмаш

13.10.2025
У Ашмянах прайшоў чарговы сельскагаспадарчы кірмаш
Чарговы, ужо трэці спачатку восені, сельскагаспадарчы кірмаш сабраў ашмянцаў у цэнтры горада. Тлумна было ў скверы, дзе па традыцыі размясціліся з палаткай работнікі спажывецкага таварыства, а таксама рамеснікі і індывідуальныя прадпрымальнікі з шапкамі, цёплымі шкарпэткамі і пальчаткамі. Бойка ішоў гандаль і ўздоўж вуліцы Першамайскай.

Акцэнты на пакупкі ў гэты раз крыху змясціліся. Калі раней больш актыўна ашмянцы набывалі “другі хлеб” – бульбу, то зараз большым попытам усё ж карысталася капуста. Прыйшоў час квасіць гэты каштоўны прадукт, без якога не абыходзіцца не адзін стол. Бульбу таксама бралі, тым больш што кошт на яе не змяніўся. Як і на мінулым кірмашы цэны пачыналіся з 80 капеек за кілаграм. Эксперыментальная база “Баруны” прапаноўвала гатункі “Першацвет” і “Брыз”. Свой пакупнік быў і філіяла спажывецкага таварыства, і ў фермерскіх гаспадарак.

На дапамогу ашмянцам прыходзілі валанцёры. Члены раённай арганізацыі БРСМ з аграрна-эканамічнага каледжа з лёгкасцю бралі мяшкі і неслі да аўтамабіляў пакупнікоў.

Добра ішоў гандаль і зернем – сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна і фермеры прывезлі на продаж гэтых восеньскіх дароў дастаткова.

Нават чарга ўтварылася ля палаткі філіяла спажывецкага таварыства, дзе гандлявалі мясам, мяснымі паўфабрыкатамі і выпечкай уласнай вытворчасці. У імгненне вока разышліся па вельмі дэмакратычнай цане каўбаскі “Купаты”, курынае філе і мясныя рулеты. Карысталіся попытам смажанкі і пірагі.

Чырвонымі плямкамі звярталі на сябе ўвагу журавіны. Бралі ягаду на вітамінныя морсы і як дадатак пры квашанні капусты. Сёлета не вельмі ўрадлівым склаўся год на яблыкі, аднак на кірмашы гэтага не адчувалася. Ашмянец Яўген, напрыклад, прасіў за каштэлі з уласнага саду ўсяго толькі тры рублі, а за адмысловыя грушы – пяць. Таму пакупнікі доўга не разважалі – хуценька разлічваліся і складалі ў торбы набытую садавіну.

У хуткім часе прыйдуць да нас восеньскія Дзяды, таму шмат хто купляў нізкарослую жывую хрызантэму. За кусцік гэтай адмысловай кветкі прасілі ад 10 да 15 рублёў.

Рыба, сала, памідоры, агуркі, морква, цыбуля, часнок, мёд, фасоля – вочы разбягаліся ад шырокага асартыменту прапанаванай прадукцыі, у якую ўклалі свае сілы і душу работнікі сельскагаспадарчых арганізацый, спажывецкага таварыства, фермеры і фізічныя асобы са сваіх прысядзібных участкаў. Арганізатары кірмашу – аддзел эканомікі райвыканкама – паклапаціліся аб тым, каб і асартымент для продажу сельскагаспадарчай прадукцыяй быў шырокі, і ўдзельнікаў было шмат (завіталі да нас не толькі мясцовыя арганізацыі, ІП і фізічныя асобы, але і госці з іншых раёнаў Гродзеншчыны, Брэсцкай і Мінскай абласцей).

Ніхто з наведвальнікаў кірмаша не вярнуўся дамоў з пустымі рукамі і ў дрэнным настроі. Яго, дарэчы, дапамагалі ствараць работнікі культуры Ашмяншчыны. У сваё прафесійнае свята яны дарылі ашмянцам свой талент, гумар і душэўнае цяпло.

АВ
© Ошмянский районный исполнительный комитет, 2025.