Главная / Новости / Новости района
24.03.2023

У Ашмянскім краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства “Хатынь. Трагедыя. Памяць”

Хатынь. Гэта назва працінае сэрца, уразаецца ў свядомасць кожнага беларуса, прымушае задумацца над коштам мірнага неба над галавою. Восемдзесят гадоў таму здарылася страшная трагедыя, якая забрала жыцці дзяцей, жанчын і мужчын. Сумна і страшна, што лёс Хатыні паўтарылі і іншыя вёскі. У кожным рэгіёне ёсць свая Хатынь, якая захоўвае гісторыю аб жахлівых падзеях.

У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча прайшло мерапрыемства, прысвечанае сумнай даце. На яго былі запрошаны Вольга Шыдлоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, Алеся Леўшунова, памочнік пракурора Ашмянскага раёна, Мікіта Стубеда, першы сакратар  РК ГА “БРСМ а таксама вучні 7 класа СШ №3.

Вольга Леанідаўна заклікала школьнікаў быць удзячнымі тым людзям, дзякуючы якім усталяваўся мір і спакой у нашай краіне.

-Ад вас залежыць лёс роднай краіны, таму вы павінны шанаваць сваю гісторыю, памятаць аб тых страшных падзеях, каб яны больш ніколі не паўтараліся на нашай зямлі.

Алеся Леўшунова адзначыла:

-Нам нельга забываць пра факты генацыду, якія мелі месца ў той час. Яны не сатруцца і не знікнуць. Пра іх нельга маўчаць. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь актыўна працуе ў гэтым накірунку, выяўляючы новыя і новыя факты генацыду.

Прысутным быў паказаны фільм па тэме. Вучні прачыталі вершы пра вайну, а пасля ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.