Главная / Новости / Новости района
27.06.2022

У Будзёнаўцы вызначылі пераможцу раённага этапа рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”

Спаборніцтва традыцыйна збірае маладыя сем’і з усіх сельсаветаў раёна. Тыя, хто жыве і працуе ў вёсцы, а ў дадатак мае статус шматдзетнай сям’і, спаборнічаюць за званне лепшых гаспадароў.

Эпіцэнтр падзеі – пляцоўка ля сельскага клуба вёскі Будзёнаўкі. Менавіта гэта месца з самай раніцы, пакуль яшчэ людзей не адолела спякота, стала вялікім вясковым падворкам.

Тут як у беларускай народнай казцы — «з рога ўсяго многа». Мясцовых жыхароў і гасцей вітаюць музыкі, разгарнулі продаж ласункаў і сувеніраў гандляры, хвалююцца сем’і, гатовыя да пачатку свята арганізатары: аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам БРСМ, раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, сельскі клуб вёскі Будзенаўкі.

Перад пачаткам спаборніцтва ўдзельнікаў конкурсу прывітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шыдлоўская, якая пажадала сем’ям дабрабыту, перамогі ў раённых іспытах і падзякавала за адданасць вёсцы.

Адзін з крытэрыяў спаборніцтва — сем’і павінны весці ўласную гаспадарку і пастаянна пражываць і працаваць у сельскай мясцовасці. Менавіта па гэтай прычыне амаль усе конкурсы тычыліся сельскай тэматыкі: трэба было папілаваць на часткі бервяно, насекчы дроў, сабраць яйкі, прынесці вады…

Журы ацаніла таксама творчы патэнцыял дружных сямейных каманд, інтэлектуальныя здольнасці, пачуццё гумару, уменне падставіць адзін аднаму плячо і падтрымліваць камандны дух. У конкурсах былі задзенічаны як бацькі, так і дзеці. А самыя маленькія члены сямей набліжалі перамогу ў якасці балельшчыкаў.

З усімі экзаменамі сем’і справіліся на выдатна, падарыўшы і сабе, і ўсім прысутным зарад бадзёрасці і пазітыву. Добры настрой на свяце дапамагалі ствараць работнікі Будзёнаўскага сельскага клуба Валянціна і Эдуард Горыд, а таксама госці з аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка Таццяна Чэрская і Святлана Ганусевіч.

Падводзячы вынікі конкурснай праграмы, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай адзначыла, што каманды змагаліся за званне лепшых гаспадароў вельмі дружна, асабліва актыўна праявілі сябе ў конкурсах таты, якія ўзялі на свае плечы адказнасць за каманду і па-геройску спаборнічалі ў конкурсах.

-Няхай вашы сем’і будуць такімі ж дружнымі заўжды. Моцнага вам здароўя, здзяйснення мараў і шчасця. Сёння ўсе ўдзельнікі конкурсу – пераможцы. Няхай такіх перамог у вашым жыцці будзе як мага больш, — падкрэсліла Раіса Мікалаеўна.

Пераможцамі раённага этапа конкурсу стала сям’я Антона і Марыны Багдановіч з Цудзенішак, якія выхоўваюць чацвёра дзетак — Віялету, Данііла, Ілью і Мілану. Другое месца прысуджана сям’і Віталя і Алесі Лакота з Гродзяў, якія ўпэўнена ішлі да перамогі разам з Мікітам, Данілам, Ягорам і Каралінай.

Дыпломы і падарункі пераможцам уручылі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шыдлоўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай і бухгалтар райкама БРСМ Таццяна Ілюковіч.

АВ