18.09.2023
Дзень народнага адзінства адзначылі ў Ашмянах
17 верасня беларусы ўсёй краінай адзначаюць Дзень народнага адзінства-свята патрыятызму, узаемадапамогі і яднання ўсіх народаў. Святочныя мерапрыемствы ў Ашмянах адкрыў урачысты мітынг, які прайшоў ля брацкай магілы ў гарадскім парку. Ушанаваць памяць усіх, каму мы абавязаны свабодай і незалежнасцю, сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама вайскоўцы і моладзь. У гонар тых, хто не вярнуўся з франтоў, хто на полі бою і ў тыле змагаўся за мірнае неба, адбылася хвіліна маўчання, а да падножжа помніка ляглі кветкі.
Працягнулася свята мерапрыемствам "Дзень, які нас аб'ядноўвае". Гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь адзначылі Пачатак урачыстасці. Вітаючы ўсіх, хто сабраўся ў зале, старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын адзначыў:
- 17 верасня па ўсёй нашай краіне адзначаецца Дзень народнага адзінства-дзяржаўнае свята, якое вярнулася ў наш каляндар і стала сімвалам павагі да гісторыі, актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі, і паслужыла пачаткам яго ўз'яднання.
Наш народ стагоддзямі ішоў да незалежнасці, абараняючы сябе і родную зямлю ад фізічнага і духоўнага прыгнёту. Гэты шлях увасобіў у сябе важнейшыя каштоўнасці і ідэалы беларусаў-любоў да Айчыны, імкненне да стваральнай працы, уменне жыць у дружбе і ўзаемнай падтрымцы, — падкрэсліў кіраўнік раёна.
Віншуючы землякоў са святам, Уладзіслаў Гершгорын выказаў словы падзякі прадстаўнікам старэйшага пакалення, якія заклалі трывалы падмурак цяперашніх дасягненняў, якія паказалі прыклад служэння Айчыне, і звярнуўся да моладзі, якой трэба будзе прымнажаць поспехі.
Уладзіслаў Уладзіміравіч нагадаў, што ў Дзень народнага адзінства праваслаўныя вернікі адзначаюць юбілей царквы – 140 гадоў з дня завяршэння будаўніцтва і асвячэння храма Уваскрэсення Хрыстова ў Ашмянах – і ўручыў у дар храму крыж як напамін аб супрацоўніцтве ў справе патрыятычнага і маральнага выхавання грамадзян нашай дзяржавы.
Словы прывітання і настаўлення ашмянцам адрасаваў кіраўнік Лідскай епархіяй Праасвяшчэннейшы епіскап Парфірый.
Падчас свята адбылося ўзнагароджанне пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшае ўпрыгожванне арганізацый да свята. Падарункі і дыпломы лепшым з лепшых уручыў першы намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Андрэй Гардзей.
Выдатным дадаткам свята сталі яркія музычныя кампазіцыі ў выкананні работнікаў культуры і дзіцячых творчых калектываў. Разам з артыстамі ў гэты дзень шчыра радаваліся ўсе прысутныя на свята. Уся музычная праграма была прасякнута ідэяй згуртавання і яднання грамадства.