Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.04.2023

Гаспадаркі Ашмянскага раёна нарошчваюць тэмпы на сяўбе яравых культур

Красавіцкае пагоднае надвор’е спрыяе аграрыям пры правядзенні палявых работ. З кожным днём гаспадаркі нарошчваюць тэмпы на сяўбе яравых культур. Працаўнікі сяла стараюцца ў аптымальныя тэрміны загарнуць насенне ў глебу. Такога ж прынцыпу прытрымліваюцца і ў КСУП «Кракоўка». На 12 красавіка тут пасеяна 415 гектараў збожжавых яравых. Рупліўцаў хлебнай нівы мы заспелі на полі за Працкаўшчынай — на плошчы ў 54 гектары тут будзе каласіцца пшаніца. Усяго ў гаспадарцы гэтай вясной трэба пасеяць 1000 гектараў збожжавых, 100 гектараў грэчкі і 800 гектараў кукурузы. — Забяспечанасць палівам, спраўнасць тэхнікі, сумленныя адносіны механізатараў, пагоднае надвор’е — складнікі паспяховай пасяўной кампаніі, — адзначае загадчык участка Аляксандр Кішкель. Вясновы дзень год корміць. Як ніхто, разумеюць аграрыі гэту народную мудрасць і размяркоўваюць сілы на розныя віды работ, якіх вымагае надвор’е і тэхналагічны працэс. Так, на адным полі ў комплексе выконвалася падборка камянёў, культывацыя глебы і сяўба. На суседнім полі ішла падкормка азімых збожжавых культур спецыяльным азотным угнаеннем КАС, культывацыя і сяўба, каля Бярвенцаў — культывацыя і ўнясенне ўгнаення, побач з Вячкойнямі працягвалася ворыва пад кукурузу. Да 20 красавіка, адзначыў загадчык участка, плануецца завяршыць вясновую сяўбу. У КСУП «Кракоўка» на ёй задзейнічана 15 механізатараў. З адным з іх у нашага карэспандэнта атрымалася пагутарыць. Андрэй Бурачэўскі спыніўся на некалькі хвілін, каб падрэгуляваць дыскатар сеялкі. — У гэтай гаспадарцы працую два гады. Аднак і тэхніку, і сваю работу люблю. Прыемна, што ў мяне паверылі і даверылі энерганасычаны «Джон Дзір», а сёлета мы працуем ў тандэме з новенькай айчыннай сеялкай АПП-6. Тэхніка не падводзіць, пра хлеб надзённы клапаціцца не трэба — арганізаваны падвоз гарачых абедаў і падвячоркаў — так што не лянуйся – працуй, і зямля абавязкова аддзячыць! — лічыць Андрэй Бурачэўскі. Яго бадзёры настрой і жаданне працаваць з добрай аддачай сагравае думка пра сям’ю, якая дзякуючы гаспадарцы атрымала добраўпарадкаванае жыллё ў Кракоўцы. Часу на доўгую размову няма, таму Андрэй спяшаецца за штурвал трактара, каб прадоўжыць пачаты малюнак — нібы сапраўдны мастак, наносіць ён мазок за мазком, і поле адзываецца, рыхтуецца аддаць жыватворныя сокі і сілу зярняткам. Гэтак, як дзясяткі, сотні, тысячы разоў дагэтуль. Багаты ўраджай — найлепшая ўзнагарода для рупліўцаў.