Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.04.2023

Як праходзіць перарэгістрацыя аграсядзіб у Ашмянскім раёне

На Ашмяншчыне дзейнічае 13 аграэкасядзібаў. Дзве з іх ужо прайшлі перарэгістрацыю згодна з новым заканадаўствам — з першага студзеня ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 кастрычніка 2022 года № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”. Нарматыўным актам прадугледжана, што да першага ліпеня 2023 года ўсе дзейныя аграсядзібы павінны прайсці працэдуру перарэгістрацыі і атрымаць дазвол на ажыццяўленне сваёй дзейнасці ад камісіі па комплекснай ацэнцы. На днях спецыяльная камісія завітала ў аграсядзібу «Лілія», што ў Берніках. Існуе яна ўжо больш за дзесяць гадоў. За гэты час вясковая хатка не толькі пабачыла некалькі рамонтаў, але і «абрасла» ўтульная альтанкай, лазняй, а зараз працягваецца будоўля новай залы для прыёму гасцей. Аднак гэтага недастаткова: аграсядзіба павінна адпавядаць шэрагу ўстаноўленых патрабаванняў. Сярод іх — наяўнасць жылога дома, агульная колькасць жылых пакояў у якім не павінна перавышаць 10, вядзенне суб’ектамі аграэкатурызму ўласнай падсобнай гаспадаркі альбо вытворчасць ці перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, наяўнасць магчымасцей для азнаямлення турыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі мясцовасці, у якой знаходзіцца сядзіба. Каб адпавядаць статусу аграэкасядзібы, патрэбна аказваць не менш чым два віды паслуг. Уладальнікі аграбізнесу могуць прадастаўляць веласіпеды і іншы спартыўны інвентар для арганізацыі мерапрыемстваў. Не менш важнымі ўмовамі з’яўляюцца захаванне грамадскага парадку (госці сядзібы не павінны мяшаць суседзям), выкананне санітарных нормаў і забеспячэнне супрацьпажарнай бяспекі. За іх парушэнне указам устаноўлена адміністрацыйная адказнасць для гаспадароў. Кожны з членаў камісіі, у якую ўвайшлі спецыялісты сектара спорту і турызму, эпідэміялагічнай службы раёна, аддзела па надзвычайных сітуацыях і іншыя, засяродзілі ўвагу гаспадароў аграэкасядзібы на гэтых важных патрабаваннях. Так, было вырашана, што камісія зможа вынесці адпаведнае заключэнне пасля таго, як будзе ўстаноўлена адпаведнасць пітной вады ў аграсядзібе гігіенічным нормам і калі ў жылых пакоях усталююць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. А каб музыкальны ўік-энд у сядзібе не скончыўся прыкрасцю, напомніла старшы інспектар сектара культуры Валянціна Александровіч, гаспадарам варта загадзя паклапаціцца пра рэпертуар. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры запрошаныя артысты павінны мець гастрольнае пасведчанне. Да першага ліпеня засталося два з паловай месяцы, час на перарэгістрацыю і атрыманне адпаведнага дазволу працягваць дзейнасць аграэкасядзібы яшчэ ёсць. Аднак гаспадарам варта паспяшацца, бо канчатковы выбар за імі: пераходзіць у іншае прававое поле або закрывацца. Трэцяга не дадзена! Кампетэнтна Святлана Александровіч, старшы інспектар сектара спорту і турызму: — Каб прайсці перарэгістрацыю, уладальнікам сядзібаў неабходна з адпаведнымі дакументамі і заявай звярнуцца ў службу «адно акно». Уся патрэбная інфармацыя будзе перададзена сектару спорту і турызму. Актыўнасць з боку гаспадароў аграсядзібаў пакуль невысокая. З пачатку года за атрыманнем дазволу на ажыццяўленне сваёй дзейнасці да нас звярнулася чатыры чалавекі. Адзначу, што папярэдне для ўладальнікаў сядзібаў быў праведзены семінар з удзелам розных службаў —там абмяркоўваліся новаўвядзенні, прадугледжаныя Указам № 351. Тым, хто прапусціць тэрмін і да 1 ліпеня не пройдзе перарэгістрацыю, дзейнасць аб’екта аграэкатурызму прыйдзецца спыніць.