Афіцыйны сайт

Свята сыра прайшло ў Жупранах

    Шумна і весела было на пляцоўцы каля мясцовага аддзела культуры і вольнага часу, куды з усіх бакоў сцякаліся сельскія жыхары.
Цэнтральнай падзеяй кулінарнага свята стаў кірмаш хатняй малочнай прадукцыі. Кожны жадаючы змог не толькі прадэгуставаць малако, сыр, масла, але і прыкупіць ўпадабаны прадукт, каб потым пачаставаць сваіх родных.
   Вясковыя сыравары Алена і Аляксандр Калінін з аграгарадка Жупраны прывезлі на кірмаш розныя віды сыроў з гаючага казінага малака.
   Смятану, астуджанае малако, алей, сыр прапаноўвала ўсім, хто прыйшоў на свята, Вольга Тарашкевіч з аграгарадка Асінаўшчына, што на Смаргоншчыне.
   Тут жа можна было пакаштаваць смачных сырнікаў і іншай выпечкі на аснове хатняга тварагу і смятаны.
А побач з апетытнымі гандлёвымі радамі размясцілася выстава народных майстроў. Свае вырабы прадставілі жыхары Жупранскага сельскага Савета Валянціна Свірская, Наталля Шымановіч, Валянціна Пакульневіч, а таксама Святлана Серпейка, якая прыехала з Кальчун. Вельмі дарэчы прыйшоўся гліняны посуд. З чаго ж яшчэ піць малако, калі не з гліняных куфляў?! Прыцягвалі ўвагу таксама цацкі з лямца, даматканыя ільняныя ручнікі, сувеніры з бісеру, карціны, вышытыя крыжыкам. Пакуль адны знаёміліся з творчасцю сваіх землякоў, іншыя атакавалі прылаўкі з папкорнам, прысмакамі і дзіцячымі цацкамі. Вось дзе раздолле для дзетвары!
   Насычаную забаўляльную праграму прапанавалі гледачам работнікі культуры. Вясёлыя гульні, аўкцыён і дэгустацыя малочных прадуктаў, конкурсы «Аматары малака», «Паяданне сыру на хуткасць», «Дойка каровы» прыйшліся даспадобы вяскоўцам. Удзельнічалі ў іх і дарослыя, і дзеці, прычым перамога аказвалася як на баку адных, так і на баку іншых.
   Выдатны настрой на працягу вечара стваралі гасцям свята народны ансамбль песні і танца "Крыніцы", удзельнікі народнага сямейнага ансамбля "Граўжанцы», Таццяна Чэрская, Алена Лаздзін, Валянціна Горыд, Святлана Ганусевіч. Іх завадныя кампазіцыі не пакінулі жупранцаў абыякавымі, і яны пусціліся ў скокі.
   Майстрам-сыраварам, якія не толькі прадставілі сваю прадукцыю, але і падзяліліся сакрэтамі сыраварання, дырэктар Ашмянскага раённага цэнтра культуры Вольга Кузьміцкая ўручыла падзячныя лісты.
   Сырнае свята працягнула вячэрняя дыскатэка.