Галоўная / Навiны / Навiны раёна
11.03.2020

Ашмянскія школьнікі атрымалі свой першы пашпарт з рук Прэзідэнта

    Напярэдадні Дня Канстытуцыі Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі. У Палац Незалежнасці былі запрошаныя дваццаць пяць школьнікаў з розных рэгіёнаў рэспублікі, якія ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, алімпіядах, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Сярод іх прадстаўнікі Ашмяншчыны-навучэнцы гімназіі №1 Ягор Саванец і Віялета Загорская.
   Аляксандр Лукашэнка асабіста ўручыў кожнаму вучню пашпарт, адзначыўшы, што атрыманне гэтага дакумента ва ўсе часы ўспрымалася як першы крок у дарослае жыццё.
   "Ведаю, што вы ўжо дамагліся пэўных поспехаў у вучобе, спорце, грамадскіх справах. Гэта выдатна, вы проста малайцы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я ўпэўнены: самыя вялікія перамогі ў вас яшчэ наперадзе. Пры гэтым дзяржава паклапацілася, каб перад вамі былі адкрыты ўсе дарогі. І толькі ад асабістай мэтанакіраванасці, зацятасці і працавітасці залежыць, якіх вышынь вы і вашы аднагодкі зможаце дасягнуць у будучыні", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
   Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе, хто сёння трапіў у Палац Незалежнасці, дамагліся гэтай магчымасці сваімі поспехамі. "Тут няма выпадковых людзей. Тут людзі, якія ўмеюць працаваць і паказваць прыклад іншым, весці за сабой", - сказаў ён.
   Сапраўды, такую магчымасць нашы хлопцы заслужылі не проста так, аб іх поспехах у вучобе сведчаць шматлікія перамогі на алімпіядах і творчых конкурсах. Дзевяцікласнік Ягор Саванец-пераможца раённых алімпіяд па хіміі і біялогіі. Нягледзячы на тое, што Ягор вучыцца ў дзевятым класе, ён ужо спрабуе свае сілы ў ЦТ па любімых прадметах, бо, як і старэйшая сястра Анастасія марыць звязаць сваё жыццё з медыцынай. Сёлета юнак заканчвае школу мастацтваў па класе гітары. У складзе ансамбля "Фіеста" ён выступаў не толькі на раённых мерапрыемствах, але і станавіўся прызёрам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
   Васьмікласніца Віялета Загорская не ўяўляе свайго жыцця без ангельскай мовы. Таленавітая дзяўчына, выдатніца, пастаянны прызёр алімпіяд па замежнай мове, яна заўсёды знаходзіць час на творчасць. Ніводная Школьная падзея не абыходзіцца без удзелу Віялеты. Разам з Ягорам яны пастаянна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці школы і займаюцца валанцёрствам у гімназічным атрадзе «Клопат».
   Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак ад кіраўніка дзяржавы кнігу "Я-грамадзянін Рэспублікі Беларусь", наборы прысмакаў, а таксама каштоўныя сказаныя на дарогу словы.
   Пасля ўрачыстай цырымоніі навучэнцы пабывалі на экскурсіі ў залах Палаца Незалежнасці, наведалі спецыяльны музей, дзе выстаўлены разнастайныя падарункі, паднесеныя Прэзідэнту Беларусі кіраўнікамі іншых дзяржаў і замежных дэлегацый, вядомымі дзеячамі розных сфер.

Кацярына Рудзік.