Галоўная / Навiны / Навiны раёна
28.12.2022

 Ашмянскія школьнікі пабывалі на галоўнай навагодняй ёлцы вобласці

Напярэдадні навагодніх святаў прынята падводзіць вынікі, адзначаць поспехі і дасягненні. Сёлета нашы хлопцы паказалі высокія вынікі ў алімпіядным руху, навуцы, творчасці. Увесь год яны старанна працавалі, каб дасягнуць пэўных вышынь.



Напярэдадні чароўных святаў для высокаматываваных дзяцей была арганізавана паездка на галоўную навагоднюю ёлку вобласці з удзелам старшыні аблвыканкама Уладзіміра Караніка. 10 адораных школьнікаў змаглі адцягнуцца ад штодзённасці і акунуцца ў атмасферу надыходзячага свята. Акрамя адораных дзяцей, у мерапрыемстве прынялі ўдзел 7 выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Дзеці мелі магчымасць акунуцца ў свет фантазіі і чараўніцтва.



Насычаная гульнявая праграма "У лесе нарадзілася ялінка", лазернае шоу, віртуальная візуалізацыя, падарункі, казачныя персанажы – усё гэта дапамагло перанесціся ў свет дабра і фантазіі. Асаблівае месца на свяце было адведзена галоўнаму навагодняму персанажу - Дзеду Марозу. Кожны ўдзельнік гульнявой праграмы меў магчымасць падысці да чараўніка, пагутарыць, зрабіць сумеснае фота. Роставыя лялькі не давалі сумаваць хлопцам. Яны запрашалі дзяцей у шумныя карагоды. Паездка стала сапраўдным падарункам для дзяцей, падарыла масу пазітыўных эмоцый і дала стымул да стваральнай працы.