Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.10.2020

Ашмянскія цяжкаатлеты зноў у лідарах

   На першынстве Гродзенскай вобласці дзяўчаты занялі першае месца, аб'яднаная каманда стала трэцяй.
   У абласным цэнтры адбылося першынство Гродзенскай вобласці па цяжкай атлетыцы сярод навучэнцаў 2004 года нараджэння і маладзей. У гэтых спаборніцтвах прыняла ўдзел каманда з 11 юнакоў і 11 дзяўчат Ашмянскага раёна, большасць у якой склалі выхаванцы ДЮСШ імя А. С. Барбашынскага. Як адзначыў трэнер ДЮСШ Міхаіл Станкевіч, дзеці вельмі чакалі гэтых спаборніцтваў, жадаючы прадэманстраваць сваю сілу і волю да перамогі. Кожнаму хацелася перамагчы і ў чарговы раз парадаваць паспяховым выхадам на памост трэнераў, бацькоў, таварышаў па камандзе.
   Трэба прызнаць, што мінулы спартыўны год для цяжкаатлетаў Ашмянскага раёна прайшоў вельмі ўдала. Заключныя спаборніцтва мінулага года наша каманда завяршыла перамогамі і ў камандным заліку на Кубку Гродзенскай вобласці, і ў першынстве сярод юніёрак.
   Цяперашняе першынство, якое прайшло на гродзенскім памосце, пацвердзіла, што каманда ашмянскіх дзяўчат з'яўляецца наймацнейшай у вобласці. Ва ўпартай барацьбе месцы размеркаваліся наступным чынам: Ашмянскі раён - 1 месца (214 балаў), Гарадзенскі раён – другое месца (197 балаў), Гародня – трэцяе месца (197чкоў). У нашай камандзе перамог у сваіх вагавых катэгорыях дасягнулі Караліна Шчарбакова (вагавая катэгорыя да 40 кг), Лізавета Матарас (да 45 кг), Анастасія Афанасьева (да 64 кг). Да радасці ўсёй каманды дзяўчынкі не далі ніводнага шанцу сваім саперніцам прабіцца ў лідары. Другія месцы занялі Марыя Васілеўская (да 45 кг) і Ксенія Міхайлоўская (да 49 кг). Бронзу заваявалі і прынеслі камандзе заліковыя ачкі Лідзія Шымановіч (да 64 кг) і Яўгена Шумская (да 76кг). За крок ад п'едэстала спыніліся Карына Загорская і Кацярына Казлоўская.
   У аб'яднаным першынстве сярод юнакоў і дзяўчат (10 плюс 10) наша каманда з 388 ачкамі заняла трэцяе ганаровае месца, другое — у Гродзенскага раёна (397 ачкоў), чэмпіёнамі сталі цяжкаатлеты Гродна (446 ачкоў). У асабістым заліку другое месца заняў Ілля Кавалеўскі (да 89 кг), трэцяе месца-Мацвей Савашынскі (да 67кг), Даніэль Жабінскі (да 55кг), Даніла Буславіч (да 102 кг).
   Па выніках гэтых спаборніцтваў чацвёра юных цяжкаатлета з Ашмянскага раёна атрымалі права прыняць удзел у рэспубліканскім першынстве сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.

Ашмянскі Веснік