Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.01.2023

 Да дабрачыннай акцыі "Напішы ліст Дзеду Марозу" далучыўся калектыў Ашмянскага РАУС

Дабрачынная акцыя "Напішы ліст Дзеду Марозу", арганізаваная раённай газетай, падыходзіць да свайго завяршэння. І мы шчыра дзякуем усім, хто дапамог ажыццявіць дзіцячыя мары, хто не разгубіў веры ў дабрыню і сардэчнасць, хто, стаўшы дарослым, працягвае верыць у цуды і сам дапамагае іх ажыццяўляць. Аднакласнікі Яўгена, вучня СШ № 3, які па стане здароўя займаецца дома, папрасілі для свайго сябра набор для працы з дрэвам. Гэтым разам у ролі добрага чараўніка выступіў калектыў Ашмянскага РАУС. А калі быць больш дакладным, то інспектар ДПС аддзялення ДАІ Віталь Шумскі. Віталь Уладзіміравіч прыняў рашэнне, што грошы ў выніку кампенсацыі яму маральнай шкоды па дзвюх крымінальных справах, узбуджаных па арт. 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзе супрацоўнік міліцыі быў прызнаны пацярпелым, выдаткуе на дабрачыннасць.

Вялікі набор інструментаў для працы з дрэвам, а таксама прыбор для выпальвання разам з прысмакамі стаў для хлапчукі і яго мамы Юліі нечаканым падарункам. У госці да іх прыйшлі з віншаваннямі начальнік РАУС Анатоль Шчастный, яго намеснік Іван Куняўскі і інспектар ДПС аддзялення ДАІ Віталь Шумскі.

Астатнюю суму грошай і салодкія падарункі добрыя чараўнікі адвезлі ў сацыяльны прытулак.

Віншуючы выхаванцаў прытулку ў рамках акцыі "Нашы дзеці", Анатоль Щастный пажадаў, каб усе дзіцячыя жаданні абавязкова спраўдзіліся і падарылі магчымасць быць побач са сваімі роднымі і блізкімі.