Галоўная / Навiны / Навiны раёна
30.09.2020

Лепшую трывожную групу органаў пагранічнай службы вызначылі ў Смаргоні

   Штогод у органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь праходзяць спаборніцтвы на званне лепшай трывожнай групы. Традыцыйна ўдзельнікаў спаборніцтва, якія прыехалі з падраздзяленняў з усёй мяжы, прымалі Смаргонская памежная група і навучальны цэнтр Інстытута пагранслужбы.
   Каманды трывожных груп са Смаргоні, Полацка, Ліды, Гродна, Брэста, Пінска, Мазыра і Гомеля на працягу трох дзён дэманстравалі свой прафесіяналізм у розных выпрабаваннях. Спаборніцтвы ўключалі ў сябе тактычныя, пошукавыя дзеянні парушальнікаў мяжы ў светлы і цёмны час сутак, этапы агнявой падрыхтоўкі, следапыцтва.
   На завяршальным этапе каманды спаборнічалі ў марш-кідку па перасечанай мясцовасці з пераадоленнем перашкод. На дыстанцыі працягласцю сем кіламетраў, было абсталявана каля двух дзясяткаў перашкод рознай складанасці, па сваёй канструкцыі максімальна набліжаныя да перашкод, якія могуць сустрэць пагранічнікі на сваім шляху пры пераследзе парушальніка ў рэальным жыцці.
   Акрамя навыкаў працы ў камандзе, пагранічнікі паказвалі сваё майстэрства і ў асабістым заліку.
   Па выніках спаборніцтваў найбольшую суму балаў па выніках усіх іспытаў атрымала каманда Гродзенскай памежнай групы, прадстаўнікі якой атрымалі пераходны кубак. Другое месца заваявала каманда Гомельскай пагранічнай групы, трэцяе - у каманды Смаргонскай пагранічнай групы. Каманды, якія занялі прызавыя месцы ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі і новай экіпіроўкай для трэніроўкі службовых сабак.

Ашмянскі Веснік