Галоўная / Навiны / Навiны раёна
08.02.2021

Пяці шматдзетным маці Ашмянскага раёна ўручылі ордэн Маці

   Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла падчас дыялогавай пляцоўкі "дзяржаўная падтрымка шматдзетных сем'яў", якая адбылася ў Ашмянскім райвыканкаме.
   Шчаслівымі ўладальніцамі высокай дзяржаўнай узнагароды сталі мамы, якія годна выхавалі пецярых і больш дзяцей: Дзіяна Афанасьева з вёскі Грынцы, а таксама ашмянкі Ірына Буйноўская, Ганна Заянкоўская, Вольга Кардзіс, Таццяна Паўлоўская.
   Ордэна Маці, кветкі і віншаванні жанчыны прымалі ад старшыні райвыканкама Уладзіслава Гершгорына, які адзначыў іх ганаровую працу і высокае пакліканне быць мамай.
   - Значна красамоўней слоў, якія сказалі б аб падтрымцы дзяржавы, якая аказваецца шматдзетным сем'ям і інстытуту сям'і ў цэлым, — ваш яркі прыклад, — звярнуўся да прысутных у зале шматдзетных сем'яў кіраўнік раёна. - З 2005 года ордэнам Маці ў Ашмянскім раёне ўзнагароджаныя 22 шматдзетныя маці. Гэта кажа аб тым, што прыярытэтнай задачай нашай дзяржавы з'яўляецца клопат аб сям'і і дзецях.
   Больш падрабязна аспекты падтрымкі шматдзетных сем'яў абмеркавалі падчас дыялогу. Як распавяла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, дзяржавай прымаюцца меры па развіццю жыллёвага будаўніцтва, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы і развіццю аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, культуры, спорту і турызму. І вынік адчувальны. Колькасць шматдзетных сем'яў вырасла з 440 у 2016 годзе да 551 у 2021-м. за пяць гадоў па праграме "Сямейны капітал" для шматдзетных сем'яў Ашмянскага раёна адкрыта 353 дэпазітных рахункі на суму 3 530 000 даляраў ЗША. Многія сем'і выкарыстоўваюць яго датэрмінова.
   Важным для любой сям'і, не кажучы ўжо пра шматдзетных, з'яўляецца забеспячэнне жыллём. За апошнія пяць гадоў палепшыць свае жыллёвыя ўмовы змаглі 245 шматдзетных сем'яў. І гэтая тэндэнцыя захоўваецца — шматдзетныя сем'і маюць магчымасць выкарыстоўваць на гэтыя мэты дзяржаўную субсідыю, а таксама сродкі сямейнага капіталу.
   Як ніхто іншы, шматдзетныя мамы, якія прысутнічалі ў зале, ведаюць пра такія меры падтрымкі, як адрасная сацыяльная дапамога, забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, матэрыяльная дапамога, якая аказваецца сем'ям на падрыхтоўку дзяцей да школы.
   Як падкрэсліла Наталля Станкевіч, прыярытэтам развіцця пяцігоддзя стане шчаслівая сям'я, а значыць і праца па ўмацаванні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

Ашмянскі Веснік